
Жніво стала сямейнай справай для многіх камбайнерскіх экіпажаў Ельшчыны. Па традыцыі багаты сямейнымі экіпажамі КСУП «Скараднянскі». Акрамя таго, тры сямейныя экіпажы сельгаспрадпрыемства ў сваім складзе маюць сапраўдных прыгажунь!
Нялёгкая праца камбайнера. Але для сельскага жыхара зразумелая і цалкам звыклая. А якое ж здзіўленне і захапленне выклікаюць дзяўчыны і жанчыны, якія працуюць на палях падчас жніва!
Жанчына за штурвалам камбайна ў час жніва – з’ява вельмі рэдкая, асабліва калі яна яшчэ і педагог. Нашы тры гераіні – таксама настаўніцы. Да таго ж усе тры – вопытныя памочнікі камбайнераў, яны не першы год працуюць на ўборцы ўраджаю і добра вядомыя жыхарам Ельшчыны. Але сёння мы зноў раскажам пра іх.
Разам у працы і жыцці
Першая прыгажуня – Наталля Яцухна. Яна працуе на жніве з мужам Віктарам Яцухна – прадстаўніком працоўнай дынастыі хлебаробаў. Многа гадоў бацька Віктара Юрый Аляксеевіч, працуючы электрыкам у КСУП «Скараднянскі», у гарачую жніўную пару садзіўся за штурвал камбайна. Да хлебаробскай справы прывучыў і дзяцей: Віктара, Максіма і Ганну. Віктар ужо дваццаць гадоў працуе механізатарам у сельгаспрадпрыемстве.
Жонка Наталля Уладзіміраўна – настаўніца нямецкай мовы ў Скараднянскай школе. Некалькі сезонаў яна працавала з мужам на жніве, так што выдатна ведае смак і цану камбайнерскага хлеба.
– Першы раз адважылася працаваць памочнікам у мужа-камбайнера ў 2018 годзе, – гаворыць Наталля Яцухна. – У камбайнерскай справе настаўнікам для мяне стаў Віця: уводзіў у курс спраў, расказваў пра нюансы работы камбайна – я яму вельмі ўдзячная за гэта. А цяпер я ў многім дапамагаю: напрыклад, падчэпліваць жатку, запісваць у рэестр прозвішчы вадзіцеляў, якія возяць намалочанае намі збожжа. Муж, канешне, шкадуе мяне: большасць тэхналагічных аперацый робіць сам. Але я яго падтрымліваю маральна!
Сёлета сямейнаму экіпажу Віктара і Наталлі Яцухна вы-дзелілі новенькі камбайн айчыннай вытворчасці «Палессе». Працаваць на ім – адно задавальненне, у адзін голас гавораць камбайнеры Яцухна. Новае ёсць новае!
Цікаўлюся ў сямейнага экіпажа планамі на гэтае жніво.
– Як мінімум тысячу намалаціць! – зноў у адзін голас адказалі муж і жонка.
Верыцца, што ў іх гэта абавязкова атрымаецца: Віктар і Наталля разумеюць адзін аднаго без слоў і добра ведаюць, што больш надзейнага і вернага напарніка на жніве не знайсці.
Сонечная ўсмешка
Наступная наша гераіня – Ганна Яцухна. Разам з братам Максімам Ганна Юр’еўна – настаўніца пачатковых класаў Скараднянскай школы – працуюць на жніве. Гэты сезон восьмы па ліку.
Пра Ганну і Максіма Яцухна мне хочацца расказаць асобна. Свой працоўны шлях я пачынала ў Качышчанскай школе, дзе вучыліся Максім і Ганна. Максім у той час вучыўся ў дзясятым класе, Ганначка – у пятым. Хлопец вылучаўся сярод аднакласнікаў сваёй сур’ёзнасцю, адказнасцю да даручанай справы і надзейнасцю. Дзяўчынка Ганначка – цёмнавокая прыгажуня з ласкавай усмешкай, ад якой з’яўляліся ямачкі на шчочках. Добрую і старанную дзяўчынку ў школе любілі ўсе, яна таксама адказвала ўсім спагадлівасцю і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу кожнаму. Скончыўшы школу, дзяўчына набыла спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў і вярнулася працаваць на малую радзіму – Ельшчыну, вучыць дзетак чытаць і пісаць, пазнаваць свет, выхоўваць любоў да працы на ўласным прыкладзе.
Неверагодная ўсмешка ў дадатак да нястомных рук Ганначкі стварае прыгожы партрэт беларускай сучасніцы, якая дакладна ведае цану хлеба.
Бацькава навука
Самая малодшая з дзяўчат на жніве – Крысціна Ляўкоўская. За яе далікатнымі дзявочымі плячыма – шэсць жніўных кампаній. Сёлета разам з бацькам Мікалаем Сяргеевічам дзяўчына працягнула сямейную традыцыю – убіраць хлеб.
– Сесці першы раз за штурвал камбайна не баялася, – прызнаецца Крысціна. – Хоць трошкі і перажывала, думала, што не спраўлюся з кіраваннем. Але падтрымка бацькі надала ўпэўненасці. Безумоўна, гэта фізічна цяжка, але атрымліваеш неверагодную асалоду і задавальненне ад таго, як зерне залатой крынічкай з напоўненых бункераў высыпаецца ў кузаў аўтамабіляў. У тым, што ў кожнага з нас што-дзень ёсць на стале хлеб, і мая заслуга. І гэта ганарова!
Калі пачалося жніво, Мікалай і Крысціна Ляўкоўскія доўга не вагаліся, а адразу сур’ёзна і адказна ўзяліся за справу. Такі тандэм стымулюе на працу і дае станоўчы вынік. Сакрэт поспеху сямейнага эпіпажа – у іх вопыце, зладжанасці працы і прафесіяналізме, а яшчэ ў пастаянным адчуванні надзейнага пляча адно аднаго, у разуменні з паўслова. Бацька Мікалай Ляўкоўскі ганарыцца дачкой і справай, якую яна робіць.
– Праца з бацькам для мяне стала выдатнай школай станаўлення як хлебароба. Ён навучыў мяне ўсяму, што неабходна ведаць і ўмець камбайнеру. Падказваў, раіў, дапамагаў.
Вясковая дзяўчына, я не ўяўляла, наколькі цяжкая і адказная гэта праца. Тым не менш, я рада і задаволена, што ў маім жыцці з’явілася маё жніво, – усміхаецца Крысціна.
Дарэчы, усмешка вельмі ёй да твару, сонечная і шчырая. Хаця, па праўдзе, пасуе дзяўчыне не толькі ўсмешка, а і наогул яе знаходжанне на спелым полі, дзе ўраджай таксама колеру сонца. І не проста знаходжанне – дачыненне да спрадвечнай справы, у якой роднасць жыта і жыцця – не толькі слоўная, а безумоўная.
Ганна Гаўрылава
