Свята драніка

Общество

А ці любіце вы дранікі? Падсмажаныя, духмяныя, смачныя са смятанай ды шкваркамі! Думаю, што многія з задавальненнем гатуюць, смажаць іх і падаюць да сямейнага стала не толькі на святы.

Дранікі сталі сапраўдным брэндам Беларусі. Нездарма ж замежныя турысты з усіх прысмакаў аддаюць перавагу аладкам з бульбы. У гэтым мы не раз пераконваліся. Вось і сёлета падчас свята гармоніка ў Ельску госці з Расіі з задавальненнем каштавалі нашы дранікі і хвалілі гаспадынь за смачную страву.

Зразумела, што дранікі – адна з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні. Іх любяць дарослыя і дзеці. Дранікі з дымком з печы – гэты водар не пераблытаеш ні з чым. Яго не забыць, як і само дзяцінства. Памятаю, як бабуля, якая ўставала раненька, разам з гімнам па радыё, распальвала ў печы, каб прыгатаваць сваім унукам смачны сняданак. Яна дзерла на тарцы бульбу, якую начысціла загадзя вечарам. Апетытны водар ад печкі напаўняў хату і вымушаў нас, дзяцей, хуценька пакінуць утульны ложак. На стале ўжо чакаў сняданак: ладная горка гарачых дранікаў і шкваркі сала з яечней на патэльні. Хіба можна забыць гэты смак?! Успаміны дзяцінства засталіся ў сэрцы на ўсё жыццё…

Нядаўна свята драніка арганізавалі ў Дагестане. Уявіце сабе, што дранікі былі прыгатаваны там з беларускай бульбы! А пачалося ўсё ў верасні мінулага года падчас сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі. Тады культурны і грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Горо», ураджэнец Дагестана Хізры Асадулаеў падзяліўся з Прэзідэнтам сваёй любоўю да беларускіх дранікаў. І расказаў пра жаданне правесці на малой радзіме, ў роднай вёсцы Карата, цэлае свята, прысвечанае гэтай страве.

Гэта гісторыя атрымала смачны працяг. Кіраўнік нашай дзяржавы ідэю падтрымаў, а вясной у горную рэспубліку адправілася 100 кіла-грамаў насеннай бульбы «Першацвет» беларускай селекцыі з прэзідэнцкага падворка.

Бульба добра прыжылася ў Дагестане і пусціла карані на каўказ-скай зямлі – ў высакагорным сяле Карата Ахвахскага раёна. Ворных зямель там няшмат. А пад нашу бульбачку «Першацвец» – падарунак ад беларускага Прэзідэнта – вылучылі самыя ўрадлівыя. Саджалі цэлым сялом. Зямлю, як у даўніну, узаралі плугам, пасаджаныя клубні палівалі са збаноў.

Старанні горцаў дарма не прайшлі. І нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, засуху і спякоту, ураджай атрымаўся вельмі добрым. Мяркуйце самі: з кілаграма насення сабралі да 10 кілаграмаў бульбы!

Мясцовыя жыхары дзівіліся: іх бульба гэтым анамальна гарачым і сухім летам вырасла памерам з арэх, а беларуская – настолькі буйная, што нават складана было адабраць пасадачны матэрыял, расказаў Хізры Асадулаеў. Але ж, вядома, насенне на будучы год пакінулі.

Менавіта з гэтага ўраджаю і згатавалі дранікі для свята. Уявіце сабе, у каўказскіх гарах 20 верасня прайшоў Дзень беларускага дра-ніка – своеасаблівае свята ўраджаю.
Майстар-клас па прыгатаванні дранікаў мясцовым дзяўчатам дала жонка Хізры Газіевіча (на здымку), якая больш за 40 гадоў пражывае ў Беларусі, авалодала ўсімі кулінарнымі сакрэтамі. Жадаючых пакаштаваць нацыянальную беларускую страву з беларускай жа смятанай было вельмі шмат. У вёсцы Карата налічваецца каля 6 тысяч чалавек, ды яшчэ з суседніх населеных пунктаў госці зазірнулі. Прысутнічалі на свяце і члены ўрада Дагестана, кіраўніцтва раёнаў. Свята атрымалася з размахам! Сапраўдны баль на ўвесь свет з каўказскім каларытам і беларускай душой!

На свяце горцы звярнуліся да беларускіх дыяспар усяго свету з прапановай штогод у трэцюю суботу верасня гатаваць і есці дранікі ў краінах пражывання. Каб беларуская бульба стала сімвалам сапраўднага сяброўства і міру! Няхай жа будзе так!

Таццяна Петрухно,
галоўны рэдактар



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *