Вайна забрала бацьку, Чарнобыль – малую радзіму

"ГЕРОЕВ НЕ ЗАБУДЕМ ИМЕНА!" "Имя в истории Ельщины" Общество Помним и чтим

У рубрыцы, прысвечанай 40-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мы знаёмім з гісторыямі людзей, якія перажылі асабістае гора – развітанне з малой радзімай.

 

Вольга Бяляк

Гэта не свята, не ўрачыстасць, але забыць пра такое немагчыма. Асабліва тым пакаленням, якія на сваіх лёсах адчулі, што такое страціць малую радзіму.
У гонар такіх людзей мы пішам артыкулы, дзе нашы землякі, якія чатыры дзясяткі гадоў назад скарыліся перад нябачным ворагам і разляцеліся па свеце, не маючы надзеі вярнуцца на родны парог.
Нашай гераіняй мы запрасілі стаць чалавека, які так тонка і сёння адчувае рэха ваеннай ня-стачы і чарнобыльскага болю – ветэрана працы, цудоўную жанчыну, якая вымушана была перасяліцца з в. Кузьмічы, Вольгу Бяляк.
Вольга Васільеўна цяпер жыве ў сваёй старэйшай дачкі Ірыны ў Скародным, дзе была пабудавана цэлая вуліца, каб прыняць перасяленцаў з забру-джаных тэрыторый Ельшчыны.
Пра гады акупацыі Вольга Бяляк помніць няшмат. У дзіцячай памяці захаваліся толькі ўрыўкамі тыя выпрабаванні, якія перанесла шматдзетная сям’я Белякоў (было сямёра дзетак) падчас фашысцкай акупацыі: голад, курані на балоце і пачуццё пастаяннага страху. Дзяўчынка ведала толькі са слоў маці, Марыі Купрэеўны, што бацька, Васіль Каленікавіч, ваяваў пад Вязьмай. Потым яго полк трапіў у «вяземскі кацёл», затым – варожы плен, дзе ён і загінуў, спазнаўшы нечалавечыя здзекі і голад…
Толькі ў 44-м годзе адзінокай жанчыне, жонцы героя трох войнаў, калгас пабудаваў новую хату, куды яна з дзецьмі змагла вярнуцца з куранёў…
Ішлі гады… Выраслі браты і сёстры, пабудавалі свае сем’і. А Вольга знайшла сваё асабістае шчасце ў родных Кузьмічах, выйшла замуж за прыезджага хлопца, які працаваў у мясцовым калгасе ветурачом. Неўзабаве з’явілася на свет дачушка Ірынка. Толькі нядоўгім было шчасце – муж памёр у маладым узросце.
Другім спадарожнікам, з якім Вольга Бяляк пражыла ў згодзе паўвека і выхавала дваіх сыноў, быў мясцовы трактарыст, ветэран працы, руплівы працаўнік Адам Лявонцьевіч Трафімаў – вельмі добры і чулы чалавек, які быў са-праўдным бацькам дзецям.
– Можа, больш чым для каго іншага, значыць Чарнобыль для мяне. Гэта ён павыганяў маіх аднавяскоўцаў са сваіх селішчаў, прымусіў ехаць у чужыя мясціны. Гэта ён навек адабраў у іх малую радзіму і назваў людзей абразлівымі словамі – перасяленцы, вы-гнаннікі. І скарыліся людзі, падпарадкаваліся прымусу, не маючы зброі, каб змагацца за родны кут з нябачным ворагам – радыяцыяй. Як птушкі, разляцеліся па свеце. Старыя і маладыя знайшлі хто дзе сабе прытулак і новае жыццё. Многія з іх ужо назаўсёды развіталіся з гэтым жыццём пад чужым небам. Ды пахаваны ўсе ў адной зямельцы, у сваёй роднай вёсцы Кузьмічы…
Вольга Васільеўна памятае той цёплы красавіцкі вечар 1986 года.
– Многія з суседзяў у той дзень садзілі бульбу, сеялі гародніну. Словам, займаліся сваімі вясковымі паўсядзённымі справамі. Старэйшая дачка ўжо на той момант жыла са сваёй сям’ёй у Скародным. Увечары было паведамленне тэлепраграмы «Время». Перадавалі, што недзе на Украіне, у горадзе Чарнобылі, адбылася аварыя на атамнай станцыі. «Дзе тая Украіна, – супакойвалі самі сябе людзі, – далёка ад нас, да нас не дойдзе..»
Пра адсяленне вёскі тады ніхто і падумаць не мог. Аднак малако ад сваіх каровак піць забаранілі. Прыехалі ліквідатары, пачалі мяняць дахі на хатах, гарадзіць новыя платы, масціць асфальтавыя дарогі на вуліцах. Нават пабудавалі новенькі ФАП, банна-пральны камбінат. У мясцовы магазін якія толькі прадукты харчавання не завозіліся.
У 1991 годзе забралі буйную рагатую жывёлу. Мая суразмоўца ўспамінае гэты дзень з мокрымі ад слёз вачыма. Каровак-карміцелек, якія шмат гадоў былі важнай часткай сялянскага жыцця, незнаёмыя людзі выводзілі з хлявоў і грузілі на вялікія цяжкавікі-скатавознікі. Многія вяскоўцы больш сталага ўзросту ўспамі-налі такое толькі падчас страшных гадоў нямецкай акупацыі.
А з цягам часу правялі сход і аб’явілі людзям, што вёска Кузьмічы будзе адселена цалкам, а людзі пераселены ў іншыя населеныя пункты.
Вольга Васільеўна з двума непаўналетнімі сыночкамі – Віктарам і Валерай – выбрала сабе новым месцам жыхарства вёску Скароднае, дзе жыла дачка, каб сям’я была разам.
– Прайшло амаль чатыры дзясяткі гадоў. Дзеці пайшлі ў самастойнае жыццё, раз’ехаліся: старэйшы жыве ў Нароўлі, малодшы знайшоў свой лёс і шчасце на Брэстчыне. Прыязджаюць сыночкі з унукамі, наведваюць. Дачка вельмі клапоціцца пра мяне. І не толькі пра мяне. Яна працуе сацыяльным работнікам – абслугоўвае адзінокіх старых. Яе добрага сэрца і цярпення, дзякуй Богу, хапае на ўсіх, – з непрыхаванай гордасцю падсумоўвае размову Вольга Васільеўна.
Васіль Мітрафанаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *