
Раней казалі: «Дорыш лён – жадаеш чалавеку здароўя, дастатку і светлай дарогі». Мая знаёмая з Санкт-Пецярбурга заўсёды з радасцю прымае мае падарункі. А вязу я ёй з Беларусі наш лён: сурвэткі, абрусы, кашулі, пасцельную бялізну. І кожны раз яна з удзячнасцю выкарыстоўвае гэтыя падарункі, бо лічыць, што ў гэтым матэрыяле – мудрасць нашых бабуль, прахалода лета і цяпло роднай хаты, якую яна пакінула ў юнацтве, па-ехаўшы з Беларусі ў Піцер.
Усё часцей беларусы звяртаюцца да вытокаў і выбіраюць для сябе і ў падарунак вырабы з лёну. І гэта не проста даніна модзе, а вяртанне да нацыянальных традыцый, якія сыходзяць каранямі ўглыб стагоддзяў.
Лён у беларускай культуры заўсёды займаў сакральнае месца. Ён суправаджаў чалавека ад першага ўздыху да апошняга: на ільняную пялёнку прымалі немаўля, у ільняной кашулі бралі шлюб, на ільняным палатне праводзілі ў апошні шлях. Выраб з гэтай тканіны было не проста бытавым прадметам, а магутным сімвалам. Дарыць лён азначала жадаць чалавеку чыстага, роўнага, як ільняная нітка, лёсу. Сёння гэтая традыцыя адраджаецца, але ўжо з новым гучаннем.
Бацькава кашуля
У Міжнародны дзень абароны дзяцей Беларуская партыя «Белая Русь» запусціла агульнанацыянальны праект. Назва яго пераклікаецца з вядомым тэзісам Прэзідэнта аб тым, што трэцяе дзіця знаходзіцца пад патранатам кіраўніцтва краіны. Пры нараджэнні трэцяга дзіцяці сям’я атрымлівае драўляны куфар з «Бацькавай кашуляй » – хрысцільнай кашуляй з чыстага лёну з прыгожай вышыўкай.
Рэалізуецца гэтая акцыя і ў Ельскім раёне. Так, у першыя дні чэрвеня «Бацькаву кашулю» ад Прэзідэнта ва ўрачыстай абстаноўцы немаўляці Арсенію – ён трэцяе дзіця ў сям’і Кажадуб з Ельска – уручыла сенатар Ксенія Панцюхова.
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь акцыя «Трэці –Бацькаў» прайшла ў аг. Валаўск Ельскага раёна. Ва ўрачыстай абстаноўцы бацькам маленькага Расціслава Астапенкі ўручылі «Бацькаву кашулю».
Падарунак з сэнсам
Лён – падарунак з сэнсам. Выбіраючы ільняны выраб, чалавек павінен ведаць, што ў рэч ўкладваецца асаблівае пасланне. Вось, напрыклад, ільняны абрус – гэта пажаданне хлебасольнага дома, дастатку і сямейнага цяпла. Раней нявеста абавязкова павінна была выткаць абрус да вяселля. А падараваны ільняны абрус на дзень нараджэння, як бы кажа: «хай у тваім доме заўсёды будуць госці, радасць і поўная чаша».
Камплект пасцельнай бялізны – пажаданне здароўя і спакойных сноў. Ведаеце, лён валодае дзіўнымі ўласцівасцямі: летам на такой прасціне халаднавата, а зімой, наадварот, – цёпла. Ён супакойвае нервовую сістэму, не электрызуецца. Падарыць ільняны камплект – значыць праявіць клопат пра самае патаемнае: аб начным адпачынку, аб здаровым сне.
Сучасныя дызайнеры робяць з лёну сапраўдныя шэдэўры: лёгкія, паветраныя, з ручной вышыўкай сукенкі і блузы. Такая вопратка «дыхае», не скоўвае рухаў і надае вобразу высакародную прастату.
А ручнік з вышыўкай – сапраўд-ны абярэг. Гэта асаблівы падарунак, які дорыцца з пажаданнем доўгага і шчаслівага лёсу. Ім нашы продкі накрывалі абраз у чырвоным куце, ўпрыгожвалі партрэты продкаў, а зараз павязваюць маладым на шчасце, выкарыстоўваюць у паўсядзённым жыцці.
І кожны шывок на ручніку – як малітва за таго, каму ён прызначаны.
Не проста пакупка
Стагоддзе сінтэтыкі і fast fashion дыктуе свае правілы. Але ёсць людзі, якія застаюцца верныя векавым традыцыям. Яны выбіраюць лён – «сапраўдны дух часу», жывы, які дыхае, матэрыял з характарам.
– Калі мы бачым, як загараюцца вочы ў пакупніка, які прыходзіць выбіраць падарунак з лёну, разумеем: гэта не проста пакупка, – дзеляцца прадаўцы крамы «Світанак», што ў цэнтры Ельска. – Часцей за ўсё нашы пакупнікі – жанчыны, яны хочуць набыць натуральную рэч, няхай гэта будзе сукенка або касцюм, падарункавыя сурвэткі або пасцельная бялізна. А лён, ён удзячны. Ён гэтую любоў убірае і потым аддае тым, хто яго любіць.
Карыстаюцца папулярнасцю ў пакупнікоў і сурвэткі з беларускім арнаментам.
– А вось сурвэткі бяруць і ў падарунак, і для дома, – расказалі прадаўцы крамы «Світанак». – Ведаеце, што кожны сімвал, вышыты на іх, набывае асаблівую глыбіню. «Дрэва жыцця», «засеянае поле», «Берагіня» на грубай фактуры палатна глядзяцца інакш, чым на гладкім шоўку. Лён сам па сабе нясе памяць аб нашай зямлі.
Ёсць у продажы вырабы з лёну і ў краме «Адзенне і абутак для ўсёй сям’і». Мужчынскія кашулі, летнія штаны, шорты, панамы, кепкі… – адзенне з лёну з задавальненнем купляюць ельчане, бо яно прыемнае для цела і незаменна ў спякоту, адзначылі прадаўцы крамы.
Уласцівасці лёну
Ёсць у ільна адна дзіўная ўласцівасць: з года ў год ён становіцца толькі лепш. Мякчэй, далікатней, прыемней да цела. Як добрае віно ці сяброўства, праверанае часам. Такі падарунак не выкінуць праз месяц, не забудуць на далёкай паліцы. Ён будзе служыць гадамі. І адзенне з лёну бу-дзе насіцца не адзін год. Бо яно якаснае, зробленае з душой. Вельмі люблю наш беларускі лён. Адзенне з яго камфортнае, таму сама нашу і іншым раю. Як кажуць, праверана на сабе.
Ведаеце, я часта думаю: мы, беларусы, як гэты лён. З выгляду мяккія, рахманыя, а ўнутры – стрыжань, крэпасць неверагодная. Нездарма кажуць: «Лён – душа Беларусі». І пакуль у нас сеюць і вырошчваюць лён, вырабляюць з яго якасныя рэчы, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва, гэтая душа будзе вечнай.
ЧАМУ ВАРТА
ВЫБІРАЦЬ ЛЁН?
Гігіенічнасць: валодае антыбактэрыйнымі ўласцівасцямі.
Тэрмарэгуляцыя: у ільняной вопратцы летам халаднавата, а зімой цёпла.
Зносаўстойлівасць: ільняное палатно ў 2–3 разы мацней баваўнянага.
ЦІ ВЕДАЕЦЕ ВЫ?
Беларусь уваходзіць у тройку найбуйнейшых вытворцаў ільновалакна ва Усходняй Еўропе.
З 1 гектара лёну-даўгунца можна атрымаць да 15 цэнтнераў валакна і да 6 цэнтнераў насення.
Адно насенне лёну, пасаджанае вясной, да восені дае кусцік з 2–3 сцеблаў, а суквецце змяшчае да 10 скрыначак з каштоўным насеннем.
Таццяна ПЕТРУХНО
