Наш «Кліч Палесся»

Мнение


Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праходзіць у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, служыць яркім прыкладам таго, як культурная падзея можа адначасова захоўваць спадчыну і рабіць яго жывым, сучасным і прывабным для аматараў народнай творчасці і турыстаў.
Фестываль праводзіцца раз на два гады, пачынаючы з 2010 года, і за гэты час вырас з міжрэгіянальнага свята ў міжнародны. Сёлета ён абяцае стаць рэкордным: чакаецца каля 50 тысяч гасцей і 3 тысячы ўдзельнікаў.
Памятаю, як праходзіў першы фестываль «Кліч Палесся». Маштабна, ярка, каларытна! Ён быў задуманы як частка дзяржаўнай праграмы развіцця рэгіёна і па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каб паказаць унікальную культуру Палесся. Праграма была вельмі насычанай і дазваляла гасцям не толькі глядзець, але і ўдзельнічаць у майстар-класах па лозапляценні, бандарнай справе, разьбе па дрэве, бортніцтве, ткацтве, вырабе лодак і іншым рамёствам. Праводзіліся конкурсы падворкаў, нацыянальнай кухні, а таксама спаборніцтвы рыбакоў і гонкі на чаўнах… На цэнтральнай сцэне выступалі народныя калектывы, якія прадстаўляюць аўтэнтычныя песні і абрады беларусаў. Гэтыя традыцыі захаваліся і пашырыліся падчас правядзення 2,3 і наступных фестываляў.
З 2014 года на фестывалі сталі ўзнагароджваць людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Прыпяцкага Палесся і ўсёй краіны. Яны былі ўдастоены ганаровага звання «Ганаравы паляшук». Першым, хто быў удастоены гэтага ганаровага звання ў 2014 годзе, стаў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. За час правядзення фестывалю ўзнагароджаны 18 чалавек. Сярод узнагароджаных – дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзеячы культуры і спартсмены.
Важным элементам культурнай праграмы фестывалю стаў конкурс прыгажосці «Палеская прыгажуня», які спалучае ў сабе традыцыі Палесся і сучасныя стандарты прыгажосці. Конкурс уяўляе сабой шматэтапнае шоу, дзе ўдзельніцы дэманструюць вытанчанасць і дэфіле (мастацтва харэаграфіі і працы на сцэне), аўтэнтычныя вобразы (яркія і непаўторныя ўборы, якія адлюстроўваюць палескую культуру), інтэлект. У конкурсе прымаюць удзел і прадстаўнікі Ельскага раёна. Сёлета ельчанка Дар’я Коршак прадставіць наш раён на прэстыжным конкурсе прыгажосці.
На ўсіх фестывалях «Кліч Палесся» кожны ўдзельнік меў магчымасць убачыць, паспрабаваць і перажыць традыцыі ў іх аўтэнтычным выглядзе. Шматлікія выставы, лакацыі дазваляюць пранікнуцца творчасцю, кулінарнай спадчынай і традыцыйным укладам жыцця палешукоў.
«Кліч Палесся» выконвае двайную місію: ён беражліва захоў-вае аўтэнтычную культурную спадчыну Палесся і адначасова ператварае яго ў модны, яркі і зразумелы сучаснаму чалавеку брэнд, што прыцягвае моладзь і забяспечвае яго перадачу наступным пакаленням.
Таццяна ПЕТРУХНО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *