ЧАС ВЫБРАЎ НАС. Інтэлігент ад зямлі

В единстве - сила Всебелорусское народное собрание


Імя самабытнага паэта Ельшчыны Рыгора Бабчанка вядома амаль кожнаму ў Ельскім раёне і многім па-за межамі раёна. Былы кіраўнік адной з лепшых у гісторыі Ельскага раёна гаспадаркі «Саўгас «Камуніст», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, добры знаёмы дзяцей і дарослых, Рыгор Уладзіміравіч і зараз працуе і займае актыўную жыццёвую пазіцыю.
Нарадзіўся Рыгор Бабчанок 24 сакавіка 1957 года ў вёсцы Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Свой талент адчуваць паэтычнае слова праявіў яшчэ ў школе, а потым і будучы навучэнцам Смілавіцкага зааветэрынарнага тэхнікума, студэнтам заатэхнічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. З юнацкіх гадоў выступаў з вершамі ў перыядычным друку. Працаваў у сельскай гаспадарцы Гомельшчыны. «Саўгас «Камуніст», якому аддаў больш трох дзясяткаў гадоў, стабільна трымаўся сярод найбольш моцных не толькі на Гомельшчыне, але і ў Беларусі. Неаднаразова гаспадарка выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніц-тва па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Лепшыя працаўнікі гэтай гаспадаркі адзначаліся ў раёне, вобласці, рэспубліцы.
Рыгор Уладзіміравіч зараз працуе інжынерам па сыравіне на Мазырскім малочным заводзе. У яго абавязкі ўваходзіць кантроль за пастаўкамі малака з ферм рэгіёна.
Апантана працуе Рыгор Бабчанок і на духоўнай ніве. Піша вершы на беларускай мове (выдаў чатыры зборнікі сваіх твораў), прапагандуе беларускую мову і народную культуру.
Творчасць Рыгора Бабчанка – пра зямлю і тых, хто на ёй працуе, пра родную хату і матулю. Як сейбіт увіхаецца на веснавой ніве, так і аўтар сваімі вершамі засявае духоўную раллю, якая прарастае шчодрым ураджаем. Паэтычная скарбонка вяскоўца, як невычэрпныя палескія крыніцы, пастаянна поўніцца новымі творамі. Сярод іх шмат вершаў для дзіцячай аўдыторыі (друкуюцца ў перыядычных выданнях). Усе новыя вершы друкуюцца на старонках раённага выдання «Народны голас».
Рыгор Уладзіміравіч не толькі самабытны, неардынарны паэт, але і вельмі цікавы чалавек, сапраўдны гаспадар свайго лёсу і роднай зямелькі-матухны, нераўнадушны да яе будучыні. З’яўляючыся дэлегатам другога (у 2001 годзе) і трэцяга Усебеларускага народнага сходу ў 2006 годзе, Рыгора Уладзіміравіча як чалавека, інтэлігента ад зямлі, у першую чаргу, хвалявалі пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. Якія задачы былі пастаўлены на трэцім Усебеларускім сходзе і які шлях прайшла сельская гаспадарка краіны і рэгіёну за апошнія дваццаць гадоў, падзяліўся думкамі Рыгор Бабчанок:
– На трэцім Усебеларускім сходзе было сямёра дэлегатаў, якія прадстаўлялі Ельскі раён. Гэта было вельмі адказна і для мяне, і для іншых. На сходзе былі пастаўлены задачы ў цэлым па сельскай гаспадарцы на 2006 – 2010 гады. Штогадовы рост сельгаспрадукцыі планаваўся ў памеры 10 працэнтаў. Таксама ставіліся задачы далейшай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі.
Калі параўноўваць з тым, што было зроблена ў краіне на працягу дваццаці гадоў, то адназначна можна гаварыць, што ўсе мэты дасягнуты. Будаўніцтва сучасных малочнатаварных комплексаў, выкарыстанне новых перадавых тэхналогій у развіцці сельскагаспадарчай тэхнікі, выкарыстанне «разумных» тэхналогій. Хто мог падумаць дваццаць гадоў таму, што механізатар будзе ехаць у чыстай і камфортнай кабіне трактара ці камбайна, слухаць музыку і здорава адчуваць сябе нават у 40-градусную спёку? Хто чуў пра сістэмы паралельнага кіравання тэхнікай і многія іншыя навацыі? А зараз мы з гэтым працуем.
Дасягнуць мэтаў было запланавана шляхам інавацый у прамысловасці, развіцця вёскі – і гэта ўсё зроблена, я лічу. Наша Беларусь забяспечвае не толькі ўласныя патрэбы сельгаспрадукцыяй, але і пастаўляе яе ў іншыя краіны.
Ганна ГАЎРЫЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *