Старшыня райвыканкама сустрэўся з жыхарамі вёскі Дзвіжкі Ельскага раёна

Местные власти Общество

Выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях, які вёў на пачатку тыдня старшыня Ельскага райвыканкама Леанід Пісанік ў вёсцы Дзвіжкі, ператварыўся ў сапраўдны сельскі сход.

IMG_5296

У сельскім клубе сабраліся вяскоўцы, каб разам абмеркаваць праблемы і з вуснаў кіраўніка раёна пачуць тлумачэнні ў вырашэнні актуальных пытанняў жыхароў.
На пачатку сустрэчы Леанід Пісанік зазначыў, што выязны прыём у гэтым населеным пункце ён праводзіць не выпадкова. Шмат пытанняў, скаргаў паступала раней ад жыхароў вёскі Дзвіжкі.

– Прыходзіцца сутыкацца з такімі фактамі, калі пішуць вяскоўцы ва ўсе інстанцыі, пры гэтым не ўказваюць сваіх сапраўдных прозвішчаў ці ўказваюць імёны тых, хто не мае дачынення да скаргі, – адзначыў Леанід Пісанік. – Я разумею так, калі ў кагосьці з вас узнікла праблема, то лепей звярнуцца да старшыні райвыканкама, каб разам вырашыць яе, а не пісаць пісьмы ў вышэйстаячыя органы, бо ўсё роўна гэтыя пісьмы вяртаюцца да нас, у райвыканкам, і разбірацца з імі прыходзіцца менавіта нам, а не камусьці іншаму. Давайце гутарыць шчыра. Расказвайце аб тым, што вас хвалюе, думаю, мы разам зможам знайсці выхад з канкрэтных сітуацый. Я асабіста зацікаўлены ў тым, каб вырашыць праблемы насельніцтва.

Такі пачатак сустрэчы стаў своеасаблівым штуршком да шчырай размовы паміж кіраўніком раёна і вяскоўцамі. Сярод пытанняў, якія агучылі жыхары вёскі Дзвіжкі, было пытанне аб добраўпарадкаванні сельскага населенага пункта. Леанід Пісанік прызнаўся, што перад сустрэчай з вяскоўцамі ён праехаў па ўсіх вуліцах вёскі і ўбачыў вельмі сумную карціну. «Недагледжаныя дамы, падворкі, трава, што тырчыць па агародах з-пад снегу, не лепшым чынам характарызуюць іх гаспадароў, – разважаў старшыня райвыканкама. – Відаць, ніхто з іх не браў у рукі касу, не стараўся навесці парадак у сябе на двары. Ніхто за вас гэта рабіць не будзе. Патрэбна і самім дбаць пра парадак і даглядаць свае домаўладанні.» Тым не менш, Леанід Пісанік адзначыў, што, магчыма, на цэнтральнай вуліцы вёскі Дзвіжкі і будзе ўстанаўлівацца адзіная агароджа, магчыма, што сродкі на яе ўстаноўку будуць дадаткова ўносіць і самі жыхары. У адным цвёрда перакананы старшыня райвыканкама, што добраўпарадкаваннем вёскі павінны займацца не толькі прадстаўнікі сельскага Савета, але і самі вяскоўцы не павінны быць у баку.

– Думаю, што нам неабходна хоць адзін населены пункт раёна за год прывесці ў адпаведны парадак, – падзяліўся думкамі з вяскоўцамі Леанід Пісанік. – Так, як мы зрабілі ў мінулым годзе ў вёсцы Дабрынь – навялі парадак і прыгажосць, надалі сучасны выгляд, – неабходна будзе паступова рабіць і ў іншых сельскіх населеных пунктах раёна. Магчыма, што ў гэтым годзе такім населеным пунктам стане вёска Дзвіжкі, аднак цвёрда запэўніць вяскоўцаў у гэтым пакуль не магу. Будзем спадзявацца, што ў нас хопіць грашовых сродкаў, каб задумкі сталі рэальнасцю.

У час сустрэчы закранулі вяскоўцы пытанне аб дапамозе пенсіянерам, былым працаўнікам сельскай гаспадаркі, у выпісцы арганічных угнаенняў, апрацоўцы зямельных участкаў, абмалоце зерня па зніжаным расцэнкам. Старшыня райвыканкама і дырэктар КСУП «Ельск» паабяцалі дапамагчы ў вырашэнні гэтых пытанняў.
«Нельга жыць адным днём, трэба думаць і пра будучыню, і пра тых людзей, што шчыра працавалі ў гаспадарцы, а зараз знаходзяцца на пенсіі, – разважаў Леанід Пісанік. – Усе мы калі-небудзь станем пенсіянерамі і, думаецца, будзем спадзявацца на падтрымку і дапамогу былога калектыву. Давайце не будзем забываць аб гэтым і будзем клапаціцца аб людзях».

Што ж датычыць працаўнікоў КСУП «Ельск», якія зараз працуюць у гаспадарцы, дык Леанід Пісанік цвёрда перакананы, што неабходна змяніць адносіны да іх з боку кіраўніцтва і цаніць кожнага чалавека, з павагай адносіцца да іх цяжкай працы. Аднак ён упэўнены, што тым, хто паяўляецца на працу падвыпіўшым, не месца на аб’екце. Леанід Пісанік парэкамендаваў адміністрацыі КСУП «Ельск» не дапускаць п’янства на вытворчасці і «падкручваць гайкі» ў адносінах да гора-працаўнікоў.
Праблему добраўпарадкавання вясковых дарог, цэнтралізаванага водазабеспячэння, стварэння штучнага вадаёма таксама закранулі жыхары Дзвіжак. Старшыня райвыканкама паабяцаў больш дасканала вывучыць гэтыя пытанні, каб прыняць неабходныя рашэнні, аб чым ім будзе растлумачана пазней.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *