Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна стаць больш прывабнай і ўплывовай на міжнароднай арэне структурай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 верасня ў час выступлення на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц СНД.
У пачатку выступлення Прэзідэнт адзначыў, што гэты юбілейны саміт дае магчымасць краінам азірнуцца на пройдзены шлях і зверыць планы на будучае.
«З задавальненнем падтрымліваю думку аб неабходнасці захавання СНД як міжнароднай арганізацыі з уласцівымі атрыбутамі. Было б неразумна страціць тое, чаго мы дабіліся за гэты час, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. – Беларусь першапачаткова зыходзіла з таго, што кадравая аптымізацыя і ўзмацненне фінансавай дысцыпліны – а гэта трэба рабіць абавязкова – не павінны ператвараць Садружнасць у перыферыйную дыскусійную пляцоўку. Мы выступаем за захаванне дзейсных механізмаў выканання міждзяржаўных рашэнняў».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што СНД знайшла сваё месца ў сістэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы і стала добрай пляцоўкай у тым ліку для двухбаковых сустрэч.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў праектах рашэнняў пасяджэння ёсць розныя прапановы па ўдасканаленні Садружнасці. «Магчыма, нехта не здаволены дакументамі, што зацвярджаюцца сёння, аднак гэтыя дамоўленасці – вынік кампрамісаў і ўступак. Значыць, работу па адаптацыі СНД да сучасных рэалій трэба прадоўжыць. І яе трэба весці менавіта ў інтарэсах дзяржаў-удзельніц, – упэўнены беларускі лідар. – Заканамерным вынікам павінна стаць трансфармацыя Садружнасці ў больш прывабную і ўплывовую на міжнароднай арэне структуру». Прэзідэнт адзначыў, што краіны, якія ўваходзяць у арганізацыю, ужо цяпер аператыўна і кансалідавана рэагуюць на сучасныя міжнародныя выклікі.
У будучым годзе Расія будзе старшынсваваць у СНД. Беларусь будзе многае чакаць ад гэтага старшынства. Беларускі лідар адзначыў, што Расія – вядучая дзяржава ў Садружнасці і пры стварэнні арганізацыі яна выступала як вырашальны фактар, які аб’ядноўвае іншыя краіны. «Ад гэтага старшынства будзем чакаць многага. Прынамсі, Беларусь, лічу, са мной пагодзіцца», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Па матэрыялах БелТА