З міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1995–1996, 1997–1998 гадоў нараджэння, якія праходзілі ў Мінску з 2 па 4 сакавіка, нашы юныя спартсмены вярнуліся з добрымі вынікамі. Пра выступленне легкаатлетаў Ельшчыны расказаў трэнер ВСУ «Ельская СДзЮШАР» Віктар Бандарэнка:
– У спаборніцтвах, якія праходзілі ў манежы рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, прынялі ўдзел каманды спартыўных школ Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Расіі і Украіны. Другі год па запрашэнні нашага земляка Уладзіміра Паўлавіча Бычкоўскага каманда Ельскага раёна ўдзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах СДзЮШАР па лёгкай атлетыцы «Атлет». Вельмі прыемна, што ў гэты раз навучэнцы дзвюх раённых спартыўных школ – Ельскай ДзЮСШ РАП работнікаў АПК і Ельскай СДзЮШАР – добра выступілі і паказалі даволі высокія вынікі.
У штурханні ядра першае месца заняў Раманаў Мікалай (ДзЮСШ РАП работнікаў АПК). Яго вынік – 11 м 94 см – ніхто з сапернікаў не пераўзышоў.
Другое месца ў гэтым жа відзе заняў Слізенка Міхаіл са СДзЮШАР (11 м 18 см).
Юнакі былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі ад арганізатараў спаборніцтваў.
Каржэўская Аліна (СДзЮШАР) у спаборніцтвах па кіданні кап’я заняла 4-е месца (31 м 02 см).
Двойчы фінішаваў чацвёртым Уладзіслаў Глухатарэнка (ДзЮСШ РАП работнікаў АПК), у бегу на 60 м ён паказаў вынік 7.58 с, а на 200-мятровай дыстанцыі – 24.99 с.
Захапляючая барацьба была на турніры па скачках у вышыню на прызы заслужанага трэнера СССР Паўла Гойхмана і заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Лізаветы Сосінай, які праходзіў пятнаццаты раз.
Ва ўзроставай групе 1995 г. н. Дуброва Антон (СДзЮШАР) заняў 10-е месца (175 см).
Сярод дзяўчат 1996 г. н. Рулевіч Алёна заняла 5-е месца (140 см).
Літвіненка Іван у сваёй узроставай групе, дзе спаборнічалі юнакі 1997 г. н., таксама быў пятым (165 см).
Сярод дзяўчат 1998 г. н. дзве нашы юныя легкаатлеткі Дубадзел Карына і Смыкоўская Юлія паказалі аднолькавы вынік. Яны ўзялі вышыню 140 см, але па розніцы спроб занялі 8-е і 6-е месцы адпаведна. Усе яны з’яўляюцца навучэнцамі Ельскай СДзЮШАР.
Увайсці ў дзясятку лепшых на спаборніцтвах такога ўзроўню – гэта добры вынік.
Падрыхтавала Марта Лучык