Алене Якаўлеўне Цык ужо споўнілася 75 гадоў, але жанчына яна жвавая, маладая душою і даволі зграбная целам, а таксама прыемная суразмоўца.
Нарадзілася Алена Цык ў 1937 годзе ў вёсцы Рамязы, а пасля вайны разам з бацькамі пераехала ў Будкі. Тут яна і вырасла, замуж пайшла, нарадзіла і выгадавала пяцёра дзяцей. Усё жыццё Алена Якаўлеўна працавала даяркай у калгасе, а цяпер на пенсіі. Працавала старанна і плённа. За гэта мае не адну ўзнагароду, шмат грамат.
– Раней вёска наша людная была, у кожнай сям`і па чацвёра і болей дзяцей было, а цяпер засталіся адныя пенсіянеры. Але ж я прывыкла і ехаць нікуды не збіраюся, хаця дзеці клічуць даўно. Ды пакуль хадзіць буду – селішча сваё не кіну, – кажа жанчына.
Алена Якаўлеўна часта ўспамінае маладыя гады. З мужам жылі добра, у згодзе, гаспадар ён быў даладны і бацька клапатлівы. Разам дзяцей расцілі, гаспадарку немалую трымалі. Працаваў ён у калгасе – кароў пасвіў. Але вось ужо чатыры гады прайшло, як муж памёр, і жыве гаспадыня сама. Аднак, адзінокай яна сябе не адчувае, хіба што цяжка адной. Гаспадарку пакрыху звяла: ніякай жываціны, акрамя кур, не трымае. А агарод, як і раней, сее вялікі: каб і сабе хапіла, і дзецям было што даць.
– Дзеці і ўнукі часта да мяне прыязджаюць, дапамагаюць у хатніх справах, у агародзе. Сын Сцяпан, што ў Ельску жыве, кожную нядзелю наведвае, усё, што ні папрашу, зробіць,– радасна расказвае бабуля.
Астатнія дзеці Алены Якаўлеўны далей аселі. Дзве дачкі – Вольга і Ніна – жывуць у Мазыры, дачка Шура – у Лідзе, яшчэ адзін сын Анатоль – у Калінкавіцкім раёне. Але і яны не крыўдзяць маці, калі ёсць магчымасць, заўсёды прыязджаюць. Вялікая радасць для жанчыны, калі ўсе дзеці збіраюцца ў яе разам з унукамі. І сапраўды, што можа быць лепей, чым павага, любоў і клопат родных людзей.
Жанна Рынгоўская
