Фестывалю «Кліч Палесся» быць!


Каларыт жыцця і культуры беларускага Палесся прыцягнуў увагу наведвальнікаў і непасрэдных удзельнікаў Другога рэспубліканскага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праходзіў 24–25 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Форум, закліканы захаваць этнакультурныя каштоўнасці палешукоў, сабраў у гэтым годзе больш за 10 тысяч чалавек. У Ляскавічы прыехалі дэлегацыі з Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці Другога рэспубліканскага фестывалю «Кліч Палесся» прапанаваў надаць гэтаму мерапрыемству статус міжнароднага. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі праводзіцца шмат маштабных фестываляў, аднак менавіта «Кліч Палесся» валодае асаблівай душэўнасцю, сыходзіць каранямі ў мінулае. «Таму фестывалю быць», – падкрэсліў Прэзідэнт.


Фестываль «Кліч Палесся» праходзіў ужо другі раз і праводзіцца ён пад патранажам Прэзідэнта, які не раз падкрэсліваў, што Палессе – гэта беларуская жамчужына, а значыць павінна мець годную аправу. У гэтым годзе кіраўнік дзяржавы – ганаровы госць фестывалю.


Адным з мерапрыемстваў фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» стала адкрыццё Музея прыроды нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Новы музей атрымаўся прыгожым і сучасным, ён будзе прыцягваць усё новых і новых наведвальнікаў». Ён стане цэнтрам навучання моладзі, крыніцай даходаў для нацыянальнага парку «Прыпяцкі», а таксама цікавым месцам для тых, хто імкнецца больш даведацца пра Беларусь, пра цудоўны куточак краіны – Палессе.


Трэба адзначыць, што гэтым мерапрыемствам папярэднічала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыйная культура Палесся і сучасны свет», якая прайшла 24 жніўня. У ёй прынялі ўдзел этнографы, фалькларысты, гісторыкі, мастацтва-знаўцы, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Больш за 30 навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы знаёміліся з нацыянальнымі традыцыямі Беларусі, культурай Палескага краю. З 21 жніўня ў рэгіёне працаваў этнаграфічны лагер «Летнік на Петрыкаўшчыне», у якім фалькларысты і этнографы у ходзе экспедыцыі сустрэліся з мясцовымі жыхарамі – носьбітамі фальклору, непасрэдна знаёміліся з традыцыйнымі здабыткамі рэгіянальнай культуры палешукоў.


Удзельнікамі Другога фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» сталі выканаўцы і захавальнікі народнай культуры Беларусі, майстры і рамеснікі з васьмі раёнаў Гомельскай (Петрыкаўскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Хойніцкі) і трох раёнаў Брэсцкай (Лунінецкі, Пінскі, Столінскі) абласцей. Сярод гасцей – прафесійныя калектывы з Украіны (Чарнігаўская вобласць) і Расіі (Бранская вобласць).


Вялікую цікавасць у наведвальнікаў фестывалю выклікала канцэртная праграма і выступленне – прафесійных артыстаў Беларусі. У іх ліку Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай песні «Свята», арт-група «Беларусы», цыганскае шоу «Алюр».


Нікога не пакінулі раўнадушнымі і выступленні фальклорных калектываў палескага краю. Цёпла і сардэчна прымалі гледачы выступленне самадзейных калектываў з Ельскага раёна: народны фальклорны ансамбль «Валошкі» (Валаўскі СДК), народны ансамбль «Ялінка» (ГДК «Колас»), фальклорны гурт Казлоўскага сельскага клуба, ўзорны дзіцячы калектыў «Сонейка» і ансамбль гарманістаў Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра. Усе гэтыя калектывы былі заахвочаны грашовымі прэміямі (500 тысяч рублёў) ад арганізатараў фестывалю.


Асноўнай экспазіцыяй фестывалю сталі тэматычныя падворкі, якія расцягнуліся ўздоўж берага ракі на некалькі кіламетраў. На іх былі  прадстаўлены спрадвечна палескія промыслы. Бадай ніхто з наведвальнікаў не ўбачыў  на фестывалі двух нават у чымсьці падобных адзін да аднаго падворкаў. Кожны падворак – адметны, прысвечаны пэўнаму роду дзейнасці продкаў. Тут і  саломапляценне, і ткацтва, і рыбалоўства, кавальская і ганчарная справы, і іншыя. Адным словам, на кожным падворку былі прадстаўлены промыслы, найбольш характэрныя для кожнага раёна.


Незвычайна і адметна выглядаў падворак Ельскага раёна. У яго стварэнні непасрэдны ўдзел прымалі работнікі КЖЭУП «Ельскае», мэблевай фабрыкі, лесгаса, леспрамгаса, ПМК-64, ПМК-96 і аддзела культуры. На падворку былі прадстаўлены такія рамёствы, як бондарства і разьба па дрэве. Вялікія і малыя бочкі, зробленыя майстрамі Ельскай мэблевай фабрыкі, кансервавага завода і мясцовымі майстрамі, ўпрыгожвалі наш падворак. Шматлікія наведвальнікі, якіх сардэчна запрашалі азнаёміцца з выставай народных промыслаў, падзівіцца з цудоўных рэчаў, выразаных з дрэва,  не толькі любаваліся творамі майстроў, але і куплялі гатовыя вырабы. На ельскім падворку можна было сваімі вачамі паглядзець, як народныя ўмельцы Аляксандр Коўшун з Зашыр’я і Уладзімір Хамец з Засінцаў давалі майстар-класы  па разьбе і бондарству.


Падворак Ельскага раёна быў адзначаны Дыпломам і каштоўным падарункам (тэлевізарам).


На фестывалі кожны мог знайсці адпачынак па свайму густу: паспаборнічаць у рыбнай лоўлі і гонках на чаўнах, пакатацца па Прыпяці на цеплаходзе «Кірыла Тураўскі», маторных і вёсельных лодках, на запрэжаных ў карэты конях, паглядзець канцэрт ці выставу драўляных скульптур. Для маленькіх палешукоў працаваў дзіцячы гарадок атракцыёнаў, гульняў і забаў.


Ні адно свята не абыходзіцца без гандлю і харчавання. Дык вось і на фестывалі кожны раён стварыў своеасаблівыя гандлёвыя кропкі з выставамі вырабаў майстроў-кандытараў і павароў. «Красавіцкія прысмакі» (паляндвіцы, засолы, вэнджанне), варэнікі з грушамі, шашлыкі, бліны, смажанкі, – гэта далёка не поўны пералік блюд, што прапаноўвала ўдзельнікам і наведвальнікам фестывалю Ельскае райст. Старшыня Праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыств Сяргей Сідзько, наведваючы карчму ельскіх гандляроў, адзначыў, што яны здолелі стварыць атмасферу сапраўднага свята. Ён быў прыемна ўражаны разнастайнасцю, якасцю і своеасаблівасцю афармлення вырабаў павароў і кандытараў. Ацанілі якасць прадуктаў харчавання і шматлікія наведвальнікі.


Завяршылася культурная праграма фестывалю за поўнач святочным феерверкам і маладзёжнай дыскатэкай.


Фестываль «Кліч Палесся» стаў яшчэ адным нацыянальным брэндам.


Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *