Настаўнік – светач для дзяцей


У гэтай жа школе выкладае ўрокі хіміі і біялогіі настаўніца Вольга Тараховіч. Цікавы субяседнік, цікаўны чалавек, добрасумленная настаўніца, Вольга Уладзіміраўна з задавальненнем расказала нам пра свае адносіны да прафесіі, сям’і і дзяцей наогул:


– Асабіста для мяне быць педагогам – гэта пэўны статус. Нягле-дзячы на тое што прэстыж настаўні-цкай прафесіі не такі, як раней, але ж усё-такі настаўнік – гэта светач для дзяцей. Я вельмі люблю дзяцей, таму і выбрала такую прафесію. Ніколі яшчэ я не раскайвалася ў тым, што звязала сваё жыццё са школай, ніколі не марыла пра іншую дзейнасць.


Агульны стаж маёй педагагічнай дзейнасці – 11 гадоў. Сама я з Рэчыцы, выйшла замуж у Ельск, сюды і трапіла на работу. Спачатку працавала ў гарадской школе № 2, а зараз ў Старым Высокім. Кожны дзень даводзіца ездзіць на работу з Ельска, дзе я жыву з сям’ёй.


– А чаму б Вы яшчэ хацелі б навучыцца ў жыцці? Ці Вам дастаткова набытых ведаў і ўменняў?


– У мяне вельмі многа жаданняў і мар. Для развіцця сваёй асобы я мару набыць яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі – філасофска-псіхалагічную і астранамічную. Я вельмі шмат чытаю літаратуры на гэтыя тэмы, нешта імкнуся ажыццявіць у сваёй настаўніцкай дзейнасці ў школе, на занятках з дзецьмі: я ім многа расказваю пра космас, паказваю пазнавальныя фільмы.


– Вольга Уладзіміраўна, у Вас трое дзяцей, чакаеце чацвёртае дзіця… Як Вы сумяшчаеце працу і сям’ю, ды яшчэ такую вялікую?


– Дзеці ніколі не былі мне цяжарам. Дзве дачушкі – Аня і Марына, сынок Уладзіслаў у мяне проста цудоўныя! З імі ніколі не было ніякіх праблем. Самастойныя, працалюбівыя, усе добра вучацца, маюць разнастайныя інтарэсы, дапамагаюць адзін аднаму. Малодшыя заўсёды цягнуцца за старэйшымі, усё стараюцца рабіць, як яны. Таму выхаваннем дзяцей у нашай сям’і, акрамя мамы і таты, займаюцца старэйшыя дзеці.


Кожныя выхадныя мы з мужам (Канстанцін Мікалаевіч працуе тэхні-кам па абслугоўванні камп’ютараў у «Ельсккінавідэасетка») стараемся зрабіць цікавымі і непаўторнымі для дзяцей: часта ездзім у Мінск, Гомель, Мазыр. Дзеці нашы пабывалі неаднаразова і ў заапарку, і ў цырку, і ў розных памятных мясцінах.


Летам, калі ў лесе многа ягад і грыбоў, таксама імкнемся не ўпусціць час і зарабіць капейку, таму што сям’я даволі вялікая і лішнія грошы нікому не перашкаджалі.


Галоўнае, я лічу, у кожнай сям’і павінны быць узаемапаразуменне, узаемадапамога, павага і любоў. І тады дзеці і бацькі будуць шчаслівымі ўсё жыццё.


Ганна БУЛАЎКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *