Яркія колеры «Вясёлкавага карагода»

Образование

Выхаванцы Ельскай дапаможнай школы-інтэрната прымаюць удзел у Х абласным фестывалі мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод», які праходзіць у нас, на Палессі. Больш за 150 выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў і ўстаноў санаторнага тыпу падрыхтавалі музычныя, тэатральныя, эстрадна-цыркавыя і танцавальныя нумары, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лепшыя творчыя нумары будуць прадстаўлены вясной на заключным канцэрце ў Гомелі, а затым на аналагічным рэспублі-канскім форуме.


12 лютага выхаванцы Ельскай дапаможнай школы-інтэрната прынялі ўдзел у занальным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці «Вясёлкавы карагод», які праходзіў у Мазыры. Пра выступленне сваіх выхаванцаў расказалі музычны кіраўнік Ніна Малішэўская і педагог-арганізатар Ірына Сідоранка.


– Гэты фестываль праходзіць раз у тры гады, – паведаміла Ніна Малішэўская. – Мы і раней удзельнічалі ў ім, і кожны раз два-тры нумары журы выбірала для ўдзелу ў наступным этапе.


Для сёлетняга выступлення мы з дзецьмі падрыхтавалі музычную праграму, у час якой нашы выхаванцы (удзельнічалі 24 вучні з 4 па 11 клас) прадэманстравалі свае творчыя здольнасці. Праграма доўжылася 25 мінут. На суд журы мы прадставілі пяць песень, танец і верш.


Падрыхтоўка доўжылася месяц. Акрамя рэпетыцый, дзеці з выхавацелямі Ларысай Юзэфовіч і Аленай Зімаковай стварылі прыгожыя касцюмы для выступлення. Так як 2013 год аб’яўлены ў Беларусі Годам беражлівасці, то асноўнымі матэрыяламі былі каляровая папера і шпалеры. Пры падвядзенні вынікаў журы адзначыла арыгінальныя касцюмы нашых юных артыстаў. 


– 17 красавіка ў Гомелі адбудзецца наступны этап фестывалю мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод», удзел у якім прымуць і выхаванцы нашай установы, –уступае ў гутарку Ірына Сідоранка. – Вакальная група старэйшых дзяўчат выканае песню «Дарога да сонца», вакальная група малодшых дзяўчат – песню «Раз далонька, два далонька». Хор выступіць з песняй «Разам мы заўсёды», якая вельмі спадабалася журы і гледачам у Мазыры.


У нас ёсць дастаткова часу для рэпетыцый і для таго, каб «адшліфаваць» гэтыя канцэртныя нумары.
Акрамя гэтага, у Гомелі будзе праходзіць выстаўка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на якую вучні школы-інтэрната прадставяць свае работы.


– І нам, і нашым выхаванцам было вельмі прыемна пачуць ад членаў журы, што ім спадабалася наша праграма, – дадае Ніна Малішэўская. – Сапраўды, «Вясёлкавы карагод» – гэта не толькі пляцоўка для творчасці і самарэалізацыі дзяцей, узбагачэння іх духоўнага свету, але і своеасаблівы вынік мэтанакіраванай дзейнасці педагогаў па развіцці творчых здольнасцей дзяцей.


Дзмітрый Гарэлік, дырэктар Гомельскага тэатра лялек, старшыня журы, адзначыў сцэнічнае майстэрства нашых выхаванцаў. Ён прызнаўся, што яго ўразілі касцюмы, у якіх выступалі дзеці, і парадавала тое, што праграма адпавядала ўзросту, тэме і ідэі фестывалю.


Упэўнена, што пасля такіх высокіх адзак і добрых слоў і выхаванцам, і педагогам Ельскай дапаможнай школы-інтэрната захочацца больш і больш працаваць, каб яшчэ многа разоў парадаваць гледачоў і прыемна ўразіць журы розных конкурсаў сваімі яркімі выступленнямі.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *