У Ельску прайшло пасяджэнне раённай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва

Общество

Каб набыць работу, неабходна мець вялікае  жаданне яе атрымаць і такую ж ацэнку сваіх магчымасцей і прафесійнай кваліфікацыі. Такі вывад можна зрабіць пабываўшы на чарговым пасяджэнні пастаянна дзеючай раённай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Па інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ельскага райвыканкама Святланы Гарашчук, на сённяшні дзень у раённай базе даных налічваецца каля 200 вакансій, зарэгістравана 30 беспрацоўных.

Беспрацоўныя могуць звярнуцца да такіх наймальнікаў, як КСУП “Дабрынь”,  “Ельск”, “Скараднянскі”, а таксама на Ельскі кансервавы завод, райспажыўтаварыства і інш. Жадаючыя могуць быць накіраваны на навучанне або атрымаць грашовыя сродкі на адкрыццё сваёй справы.Такія варыянты прапаноўвала на пасяджэнні беспрацоўным старшыня камісіі Аксана Захарчанка. Яна імкнулася разабрацца ў сітуацыі кожнага чалавека, які звярнуўся ў камісію па садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Трэба адзначыць, што прычыны, па якіх людзі афіцыйна не працуюць, разнастайныя. Напрыклад, у жыхаркі горада Ельска слабое здароўе. Ёй рэкамендавана лёгкая праца. Большасць жа вакансій патрабуюць моцнага здароўя або адпаведнай кваліфікацыі.

У другім выпадку малады ельчанін, па яго словах, многае ўмее рабіць ў будаўнічай галіне. Але, на жаль, пацвердзіць гэта дакументальна ён не можа. Члены камісіі парэкамендавалі яму звярнуцца ў тыя арганізацыі, дзе не патрабуецца спецыяльнай адукацыі.

Стан здароўя не дазваляе знайсці работу яшчэ аднаму ельчаніну. Адзіны выхад, які быў знойдзены ў ходзе размовы, — датэрміновы выхад на пенсію.

Пасяджэнне камісіі праходзіла ў цэлым вельмі ажыўлена. Удзельнікі сустрэчы – члены камісіі і наймальнікі – прапаноўвалі розныя варыянты тым, хто звярнуўся, каб афіцыйна працаўладкавацца, дапамагалі і словам, і справай.

У тэму. На Гомельшчыне зарэгістравана беспрацоўнымі 2540 чалавек. Ёсць 10500 вакансій. Патрабуюцца 232 аператары машыннага даення, 188 трактарыстаў-машыністаў, 163 жывёлаводы, 154 повары, 150 швей, 111 штукатураў, 995 медсясцёр, 84 фельдшары, 767 урачоў, 119 бухгалтараў, 204 ветурача, 72 лесніка, 50 музычных кіраўнікоў…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *