Важна падтрымаць хлебаробаў

Общество

Выязны семінар-вучоба, прысвечаны інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце з кадрамі ў перыяд уборачнай кампаніі, прайшоў на базе КСУП «Скараднянскі» ў мінулую суботу, 27 ліпеня.

Удзел у семінары прынялі: намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Рыгор Цык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валерый Гейхман, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Данільчук, а таксама намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце сельгаспрад-прыемстваў раёна, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў АПК.

DSC04958
Галоўнай мэтай удзельнікаў семінару стала задача разгледзець асноўныя моманты дзейнасці ідэолагаў сельгаспрадпрыемстваў у перыяд адной з самых адказных і важных работ – уборкі ўраджаю. Гэта і маральная падтрымка працаўнікоў гаспадарак, і матэрыяльнае стымуляванне іх працы, і інш.

У пачатку семінара яго ўдзельнікі пазнаёміліся з ходам уборачнай кампаніі ў КСУП «Скараднянскі», пра якую расказала галоўны аграном гаспадаркі Антаніна Цалка, наведалі зерняток у Валаўску, пазнаёміліся з інфармацыяй пра ход уборкі на інфармацыйных стэндах. Убачанае і пачутае пазней было абмеркавана за круглым сталом у Доме механізатара.

У КСУП «Скараднянскі» робіцца ўсё магчымае з боку кіраўніцтва і прафсаюзнай арганізацыі для таго, каб работнікі гаспадаркі маглі эфектыўна і з задавальненнем працаваць, адзначыла Марына Савіц-кая, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. На працягу года пад час самых важных сельскагаспадарчых работ (пасяўная, уборачная і інш.) сумесна з работнікамі мясцовых устаноў культуры – Валаўскага цэнтра народных традыцый і Скараднянскага СДК – арганізоўваюцца абрады першай баразны, Зажынак і Дажынак, праводзяцца невялікія канцэрты для механізатараў. Акрамя гэтага, заўсёды ўрачыста праходзяць ушанаванні лідараў сельскагаспадарчых кампаній.

Пра ўмовы спаборніцтва механізатараў унутры гаспадаркі і аплату іх працы на перыяд уборачнай кампаніі расказала галоўны эканаміст КСУП «Скараднянскі» Марыя Ляўкоўская. Яна адзначыла, што, напрыклад, за дзень эфектыўнай работы камбайнеры ў час уборкі могуць зарабіць да 800 тысяч беларускіх рублёў, а калі пастараюцца – то і больш. А першыя вадзіцелі і камбайнеры-тысячнікі, акрамя гэтага, атрымліваюць яшчэ і прэмію. Матэрыяльна падтрымлі-ваюцца ў гаспадарцы і маладыя ўдзельнікі ўборачнай.

Інфармацыя пра вынікі што-дзённай працы ў КСУП «Скараднянскі» даступная: яна адлюстроў-ваецца на экранах спаборніцтваў. Кожны камбайнер можа ўбачыць там і свой штодзённы намалот, і свой заробак, і месца, якое займае сярод калег-камбайнераў, дадала Марына Савіцкая. Акрамя гэтага, штодзень у імя лепшых камбайнераў і вадзіцеляў падняты сцяг. Марына Дзмітрыеўна таксама адзначыла важнасць арганізацыі харчавання механізатараў у перыяд уборачнай. У КСУП «Скараднянскі», як практычна і ў кожнай гаспадарцы раёна, для іх арганізавана двухразавае харчаванне.

На семінары-вучобе яго ўдзельнікі таксама мелі магчымасць абмяняцца сваім уласным вопытам. Так, пра арганізацыю ідэалагічнай работы ў перыяд уборачнай кампаніі расказала Вольга Варанцова, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Саўгас «Камуніст».

Важнасць правільна пастаўленай работы ідэолагаў і прафсаюзных арганізацый у сельгаспрадпрыемствах, маральнае і матэрыяльнае стымуляванне дзейнасці механізатараў адзначылі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валерый Гейхман. Падводзячы вынікі семінара-вучобы, намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Рыгор Цык заўважыў, што ў большай ступені ад інфармацыйна-ідэалагічнай забяспечанасці сель-скагаспадарчых працэсаў залежаць іх плённасць і паспяховасць.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *