Якіх толькі хобі не бывае ў людзей: хтосьці робіць упрыгожванні, хтосьці – гаршкі лепіць, а хтосьці нават гламурныя цацкі вырабляе.
Самаробныя штучкі, пачынаючы ад завушніц і заканчваючы мэбляй, за апошнія гады сталі больш чым папулярныя. Зараз гэта апошні піск моды. Становіцца вельмі непрыстойна нічога не рабіць сваімі рукамі.

Зусім нядаўна мы пабывалі ў гасцях у Людмілы Шэткінай, якая жыве ў вёсцы Млынок. Ужо шмат гадоў жанчына захапляецца рукадзеллем і жыве цікавым жыццём. Цяга да вырабаў сваімі рукамі ў Людмілы зарадзілася ад настаўніцы працоўнага навучання, якая навучыла шыць і прывіла любоў да творчасці. З дзіцячых гадоў жанчына стварала лялькі, якія на працягу ўсяго жыцця мяняюць свой знешні выгляд, вопратку, нацыянальнасць. Людміла пайшла далей – асвоіла скрапбукінг, дэкупаж, квілінг, розныя вінтажнасці. У апошні час жанчына набыла камп’ютар, які дапамагае знаходзіць калег па працы і знаёміцца з новымі відамі творчасці. Адно з новых захапленняў Людмілы – скрапбукінг (аўтарская рэч сваімі рукамі), якім яна займаецца ўжо два месяцы.
– Людміла, чаму Вы пачалі займацца скрапбукінгам?
– Мяне заўсёды цікавілі аўтарскія рэчы. Зроблены сваімі рукамі падарунак – лепшы спосаб выказаць сваю пяшчоту, шчырасць і любоў да блізкага чалавека. Кожны з нас жадае як мага лепш павіншаваць сваіх родных і блізкіх з якім-небудзь святам з дапамогай прыемных падарункаў і цёплых слоў.
– Дзе Вы набываеце матэрыялы?
– Некаторыя знаходжу ў сябе дома – гэта гузікі, тканіна, стужкі, пацеркі, пэндзлік, фарбы. Але ўсё ж галоўны матэрыял – гэта папера, якую спрабую набыць праз інтэрнэт.
– Якія рэчы скрапбукінга карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод Вашых знаёмых?
– Гэта шлюбныя і дзіцячыя фотаальбомы, якія я планую вельмі хутка рабіць і прапаноўваць сваім сябрам.
– Раскажыце аб Вашых ляльках…
– Апошнія лялькі – пародыі на знакамітых людзей, а некаторыя аднавяскоўцы бачаць сябе ў іх. Ёсць лялькі, якія робяцца вельмі хутка, а ёсць такія персанажы, якія самі дыктуюць, якімі ім быць. Зроблены яны з разнастайных па відах і фактурах матэрыялаў–дроту, капрону, пластыку. Некаторыя з іх ужо знайшлі сабе новых гаспадароў.
Інтэр’ер пакояў Людмілы ўпрыгожваюць рэчы, зробленыя ў тэхніцы пэчворк (абрэзкавае шыццё). Вырабы з такімі малюнкамі вельмі прыгожыя і модныя. Такія вырабы, як пакрывала, коўдра, навалачкі, фіранкі, карціны, – рэчы, зробленыя сваімі рукамі, у іх часціца душы майстра. Яны ўнікальныя – такіх болей няма ва ўсім свеце. Многія рэчы ў Людмілы падкупляюць сваёй зручнасцю – напрыклад, розныя старыя папяровыя ці картонныя скрынкі, чамаданы, якія атрымалі другое жыццё. Людміла сама дэкарыруе многія рэчы: мэблю, посуд, вазы, вазоны, крэслы, абцягнутыя джынсавай тканінай, якія выглядаюць модна, сучасна і незвычайна. Такіх вырабаў вельмі шмат у Людмілы.
Акрамя ўсіх захапленняў, каля хаты Людмілы пасаджаны сад, экзатычныя расліны, кветкі, дэкаратыўныя кампазіцыі з прыродных матэрыялаў – усё радуе вока.
Анастасія Бяляк
