Астравок сям’і Крывенькіх

Общество

Сям’я – гэта той астравок цяпла, утульнасці і спакою, які так неабходны кожнаму чалавеку, асабліва пасля напружанага працоўнага дня. Такі астравок ёсць і ў пераможцы сёлетняга рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых культур з КСУП «Скараднянскі» Яўгена Крывенькага. Жонка Таццяна, выхавацельніца Валаўскага дзіцячага саду – сярэдняй школы, і двое сыноў – шасцігадовы Аляксей і двухгадовы Дзіма – заўжды з нецярпеннем чакаюць любага мужа і тату дома з працы.

Кривенький
Яўген і Таццяна Крывенькія жывуць у пары ўжо сёмы год. Абое з вёскі Валаўск, пасля вяселля яны засталіся жыць і працаваць на радзіме. Маладой сям’і мясцовая гаспадарка адразу ж выдзеліла новы дом ся-дзібнага тыпу з усімі выгодамі. Паступова, з гаспадарскай лёгкай рукі, сядзіба абрасла новымі пабудовамі: з’явіліся лазня, гараж, гаспадарчыя памяшканні. Як і ў кожнай вясковай сям’і, у Таццяны і Яўгена ёсць невялікая дамашняя гаспадарка, агароды. З усім гэтым маладым гаспадарам, канешне ж, дапамагаюць спраўляцца бацькі.
У канцы верасня малады вадзіцель Яўген Крывенькі быў удзельнікам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі 2013» у Жлобіне, на якім як прызёр рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых атрымаў Ганаровы дыплом і прэмію. Акрамя гэтага, дадому вярнуўся яшчэ і з іншымі падарункамі: мікрахвалевай печчу, коўдрай, кнігамі пра Гомельшчыну і Жлобіншчыну і інш. Дома мужа і тату-пераможцу чакалі з нецярпеннем.
– Старэйшы Лёша, – расказала Таццяна, – адмаўляўся ісці спаць, усё хацеў тату дачакацца з «Дажынак». Ад тэлевізара дзень не адыходзіў, чакаў, калі пакажуць бацьку. І ўгледзеў усё-такі, дачакаўся, радасці не было межаў. І мы, і ўсе родныя вельмі ганарымся тым, што Жэня стаў пераможцам у рэспубліцы.
А тое, што перамога даставалася нялёгка, вядома ўсім, а сям’і Яўгена – як нікому іншаму. Штодзённая праца ад світання да позняга вечара, без выхадных і святочных дзён, мноства фізічных і маральных сіл і намаганняў, працалюбства, цярпенне і настойлівасць – усё гэта стала састаўляючымі часткамі перамогі рэспубліканскага ўзроўню Яўгена Крывенькага. Калі ўсё ж і выпадалі рэдкія вольныя хвіліны ў маладога вадзіцеля з КСУП «Скараднянскі», то ён заўсёды імкнуўся правесці іх з сям’ёй: зрабіць што-небудзь у доме, па гаспадарцы, пагуляць з дзецьмі, дапамагчы бацькам.

Таццяна заўсёды з павагай ставілася і ставіцца да працы мужа, разумее важнасць хуткага і няспыннага тэмпу работы ў сельскай гаспадарцы, паважае імкненне Яўгена забяспечыць сям’і дастойнае жыццё, таму цярпяліва разам з сынамі чакае яго з работы, імкнецца стварыць дома атмасферу цеплыні і ўтульнасці. Калі ж дома лад і згода, то і працоўныя перамогі не прымусяць сябе чакаць.
Ганна Гаўрылава
Фота з сямейнага архіва Крывенькіх



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *