Жывёлагадоўля – у цэнтры ўвагі

Сельское хозяйство

18 кастрычніка на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» прайшоў чарговы выязны семінар-нарада спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, на якім былі разгледжаны вынікі работы за студзень–верасень 2013 года.
Семинар-008
Да заканчэння года засталося не вельмі многа часу. Таму ўжо можна ўпэўнена абазначыць, як спрацавалі сельгаспрадпрыемствы за пройдзены перыяд. Тры кварталы года выдзелілі як гаспадарак-лідэраў, так і тых, хто мае даволі слабыя паказчыкі развіцця. Тым не менш звярнуць увагу на ўсе плюсы і мінусы ў жывёлагадоўлі раёна неабходна.

– Зараз, напярэдадні зімовастойлавага перыяду 2013 –2014 года, – адзначыў Анатоль Гапонік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ельскага райвыканкама, – асаблівую актуальнасць набываюць пытанні правільнага догляду і харчавання буйной рагатай жывёлы на малочнатаварных фермах раёна. Толькі дзякуючы выкананню правільных тэхналогій утрымання жывёлы ў зімовы час можна гаварыць пра добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі. І тут, канешне ж, галоўная роля належыць чалавечаму фактару. Абсалютна кожны чалавек – звычайны жывёлавод, спецыяліст, кіраўнік гаспадаркі, прафсаюзны лідэр, ідэолаг гаспадаркі – павінен быць зацікаўлены ў выніках агульнай працы.

Удзельнікі нарады наведалі малочнатаварны комплекс у Жуках, дзе ўтрымліваецца больш за 600 галоў жывёлы і сярэднесутачныя надоі ад каровы складаюць 18 кілаграмаў малака, пабывалі ў цэхах сухастою, раздою і вытворчасці малака.

Цікава ўдзельнікам семінара было прайсціся і па нядаўна рэканструяванай малочнатаварнай ферме ў Новым Высокім, дзе таксама добра наладжана работа з дойным статкам, а кожны працаўнік фермы імкнецца выконваць свае абавязкі належным чынам.

Расказваючы пра жывёлагадоўлю ў ДП «Ельскае Палессе», кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Матузка гаварыў і пра пэўныя праблемы. Так, напрыклад, часам бываюць цяжкасці ў падборы калектываў на малочнатаварных фермах і інш.

Таксама ўдзельнікі семінару мелі магчымасць пазнаёміцца з бытавымі ўмовамі для жывёлаводаў, створанымі на фермах.

Падрабязны аналіз становішча ў жывёлагадоўлі раёна быў зроблены на пленарным пасяджэнні. Перад удзельнікамі семінара выступілі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання з канкрэтнымі дадзенымі па кожнай гаспадарцы.

Расказваючы пра эканамічную эфектыўнасць вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за студзень–верасень 2013 года, Васіль Тарасенка, начальнік аддзела эканомікі, прагназавання і ўліку райсельгасхарчу, адзначыў, што сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары складае 211 млрд рублёў, што вышэй за адпаведны перыяд 2012 года на 1,7 % (11 месца ў вобласці) пры заданні на 2013 год 120 %.

У грамадскім сектары сельгаспрадпрыемствы раёна даведзенае заданне па тэмпах росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі за аналізуемы перыяд выканалі наступным чынам: ДП «Ельскае Палессе» – 100,2 % пры прагнозе 122 %, ДП «Падгалле» – 120,3 % (прагноз – 125 %), КСУП «Дабрынь» – 102 % (125 %), КСУП «Ельск» – 101,1 % (120 %), КСУП «Скараднянскі» – 98,9 % (118 %), КСУП «Саўгас «Камуніст» – 100,2 % (110 %).

За 9 месяцаў бягучага года вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі выглядае наступным чынам. Вытворчасць малака складае 23262,6 тон, што складае 96 % (17 месца ў вобласці) да ўзроўню 2012 года. Вытворчасць малака знізілася ва ўсіх гаспадарках раёна, акрамя ДП «Падгалле» і КСУП «Скараднянскі».

Вырошчванне буйной рагатай жывёлы склала 2817,1 тоны, або 115,8 % (1 месца ў вобласці) да ўзроўню мінулага года. Зніжэнне вытворчасці назіраецца толькі ў КСУП «Дабрынь» – 99,7 %.

Вытворчасць свіней склала 241,8 тоны, што ў 7 разоў перавышае ўзровень мінулага года.

Таварнасць малака па раёну склала 82,9 % (ніжэй на 1,8 % да ўзроўню 2012 года). Таварнасць малака знізілася ва ўсіх гаспадарках, акрамя КСУП «Скараднянскі».
Сярэдні надой малака ад каровы па раёну складае 2873 кілаграмы, што на 115 кілаграмаў менш за мінулагодні ўзровень (19 месца ў вобласці). Панізілася прадуктыўнасць кароў ва ўсіх гаспадарках раёна, акрамя ДП «Падгалле» і КСУП «Скараднянскі».

Сярэднесутачны прывес на дарашчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы за тры кварталы года склаў 681 грам (14 месца ў вобласці), што на 90 грамаў больш, чым у мінулым годзе. А сярэднесутачныя прывесы свіней склалі 358 грамаў.

За студзень–верасень 2013 года прададзена малака ў фізічнай вазе 19288 тон, або 94 % да ўзроўню 2012 года. У заліковай вазе прададзена 19222 тоны малака. Сярэдняя тлустасць малака па раёну склала 3,59 %. Класам экстра прададзена 19,7 % малака, вышэйшым гатункам – 32,6 %, першым – 46,7 %, другім – 1 %. З нізкай якасцю – першым гатункам – рэалізуецца малако ў ДП «Падгалле».

Ад рэалізацыі малака атрымана 6959 млн рублёў прыбытку. Узровень рэнтабельнасці продажу малака склаў 16,6 % (па вобласці – 9,4 %). Недабор выручкі ад рэалізацыі малака нізкай якасцю склаў 8069 млн рублёў.

Такім чынам, улічваючы эканамічныя і вытворчыя паказчыкі дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў раёна, Васіль Тарасенка падвёў вынікі іх работы ў балах: 1 месца – КСУП «Саўгас «Камуніст» (11,12 бала), 2 месца – КСУП «Скараднянскі» (10,54 бала), 3 месца – ДП «Падгалле» (10,03 бала), 4 месца – КСУП «Ельск» (9,72 бала), 5 месца – ДП «Ельскае Палессе» (9,43 бала), 6 месца – КСУП «Дабрынь» (8,93 бала).

Марына Мядзведская, якая выконвае абавязкі галоўнага ветурача раёна, у сваім выступленні падняла праблему невытворчага выбыцця жывёлы. У параўнанні з абласнымі паказчыкамі Ельскі раён выглядае не лепшым чынам.

Прааналізавала праблему ўзнаўлення статку буйной рагатай жывёлы Таццяна Ражкова, галоўны заатэхнік Ельскага філіяла РСУП «Гомельдзяржпрадпрыемства».

Пасля выступленняў спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны раёна Анатоль Гапонік запатрабаваў накіраваць усе намаганні кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў на выпраўленне сітуацыі, якая склалася ў раёне за дзевяць месяцаў бягучага года, каб з лепшымі вынікамі закончыць 2013 год.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *