Жыццё ў працы

Общество

Розныя людзі сустракаюцца на нашым шляху. Адны гучна выхваляюцца сваімі добрымі справамі, іншыя – больш маўчаць. У іх няма часу на пахвальбу: з вялікай стараннасцю гэтыя людзі шчыруюць у працы кожны свой дзень. Калі ж яны і расказваюць аб сваіх дасягненнях, то як аб звычайных, штодзённых справах. Такіх людзей можна сустрэць у кожнай вёсцы. Ёсць яны і ў вёсцы Старое Высокае.
Хамец
Заслужанай павагай у аднавяскоўцаў карыстаюцца Анатоль і Марыя Хамец, у роднай вёсцы іх ведаюць як сапраўдных гаспадароў.

Нарадзіліся гэтыя працавітыя людзі на беларускай зямлі, выраслі ў мнагадзетных сем’ях. У Анатоля Кірылавіча было 2 сястры і 7 братоў. Вось што ён расказвае аб сваім жыцці:

– З дзяцінства наша сям’я вялікім гуртам шчыра і добрасумленна працавала на зямлі. Так атрымалася і ў дарослым жыцці: 5 гадоў працаваў геолагам пасля заканчэння мазырскага вучылішча. Потым больш за 20 гадоў – лесахімікам у Рамязоўскім лясніцтве. Нядаўна пайшоў на пенсію, але яшчэ не прывык сядзець дома без працы: летам уладкаваўся на зернесушылку ў КСУП «Ельскае Палессе», а на зіму пайшоў качагарам у мясцовую школу.

Усмешка ў гэтага чалавека шчырая і прыветная. Адразу падумалася, што гэты мужчына – адкрыты, душэўны і светлы чалавек.

Аднавяскоўцы гавораць, што Анатоль Хамец – майстар на ўсе рукі. Ён ніколі не адмовіць у просьбе, калі трэба адрамантаваць ці перакласці печ, забіць кабана, дапамагчы ў час пахаванняў. Ён заўсёды знойдзе час, каб прыйсці на дапамогу.

Марыя Аляксееўна – ветлівая, жвавая, вынослівая жанчына, якая з цеплынёй успамінае аб сваім жыцці:

– Нас у бацькоў было чатыры дачкі. Тады матуля працавала на ферме, і мы, дзяўчаты, увесь час стараліся дапамагчы ёй.

Гэта ўжо потым, калі прыйшла працаваць на ферму даяркай, Марыя зразумела, што прыняла эстафету ад матулі. А раней яна і не думала аб тым, каб абраць для сябе прафесію даяркі. Па заканчэнні школы паехала ў Гродна на вучобу і атрымала спецыяльнасць «ткачыха». Але так склалася, што прыйшлося вярнуцца ў родную вёску.
– 23 гады працавала на ферме даяркай. Столькі розных клопатаў было тады ў нас: і накарміць жывёлу, і напаіць, і прыбраць, цялят дагледзець, і карову ў час «запусціць» і раздаіць. А карміць жывёлу стараліся шмат, каб больш атрымаць малака. А зараз гэту працу на ферме палегчылі.

Я на пенсіі ўжо 4 гады, і мне падабаецца, што гэты час я магу прысвяціць дзецям. Яны, нягледзячы на сваю занятасць, заўсёды знойдуць час, каб прыехаць да нас і прывезці ўнукаў, якіх мы вельмі любім.

У гаспадарцы Анатоля і Марыі Хамец заўсёды былі каровы, якіх старанна даглядалі гаспадары. Толькі ў апошні час прыйшлося пазбавіцца. Куры, свінні, сабака і 6 катоў – такую невялікую, але і немаленькую гаспадарку трымаюць яны зараз.

Цёпла і сардэчна расказваюць Анатоль Кірылавіч і Марыя Аляксееўна аб сваіх дзецях, сваёй маладосці, вёсцы, у якой яны пражылі палову свайго жыцця, дзе стварылі сям’ю… І цяпер гаспадары ўтульнага дома ўважліва клапоцяцца адзін аб другім.

Гэта людзі, якім не прыходзіцца сумаваць, бо праца – гэта іх жыццё, паўсядзённы стан.

– Нам, вяскоўцам, няма калі прахалодж-вацца. Здаецца, сама работа ў рукі бяжыць. Але робіш яе не толькі па абавязку, а бывае, што і душу адводзіш, – з цеплынёй гаворыць Анатоль Хамец.

– І ў вёсцы жыць можна, – прызналася Марыя Аляксееўна. – Калі, канешне, любіш працаваць. А як працуеш, то і дабрабыт прыйдзе ў дом, і жыццё будзе больш годным.

Анастасія БЯЛЯК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *