У апошні час спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага стала вельмі запатрабаванай. Бацькі ўсё часцей звяртаюцца да спецыялістаў, каб дапамаглі дзіцяці справіцца з нейкім маўленчым недахопам.

Настаўнік-дэфектолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алена Пятроўская каля 16 гадоў займаецца з дзецьмі, якія маюць маўленчыя парушэнні. Алена згадзілася адказаць на нашыя пытанні і тым самым растлумачыць бацькам некаторыя хвалюючыя моманты.
– Многія бацькі, сутыкнуўшыся з моўнымі праблемамі, не ведаюць, што рабіць, да каго звярнуцца за дапамогай.
– Зараз шмат дзяцей з парушэннямі мовы. І задача дэфектолага – своечасова выявіць такіх дзяцей і аказаць ім дапамогу. Мы стараемся ахапіць усіх дзяцей, своечасова даць ім карэкцыйную дапамогу.
– Чаму ў многіх дзяцей узнікаюць праблемы з развіццём мовы?
– Розныя моўныя адхіленні могуць быць вынікам праблем цяжкіх родаў і іншых нестандартных сітуацый пры родах, а таксама парушэнняў работы мозга, цэнтральнай нервовай сістэмы. На маўленчае развіццё можа паўплываць нават той факт, што дзеці часта прадстаўлены самі сабе. Спецыялісты ў апошні час б’юць трывогу, называючы дзяцей маўчунамі, бо яны могуць гадзінамі гуляць у камп’ютарныя гульні. У гэты час бацькі могуць займацца сваімі справамі, што ім вельмі зручна.
Таксама многае залежыць ад умоў, у якіх расце дзіця, прычым як біялагічных, так і сацыяльных. У сем’ях з частымі канфліктамі, двухмоўем, няправільнай мовай у дарослых могуць узнікнуць моўныя праблемы ў дзяцей.
– Што можа зрабіць маці, каб дапамагчы асвоіць дзіцяці вымаўляць цяжкія гукі тыпу Р, Л ?
– Станаўленне гукавымаўлення ў дзяцей адбываецца ў асноўным ва ўзросце ад года да 5–6 гадоў. Пры гэтым гукі мовы засвойваюцца не ізалявана, а ў складзе слоў.
Самыя простыя па артыкуляцыі гукі – галосныя А, О, Э і зычныя П, Б, М – дзіця можа прамаўляць у першыя гады жыцця. У перыяд да 3 гадоў засвойваюцца і іншыя артыкуляцыйныя простыя гукі, якія не патрабуюць тонкіх рухаў вуснаў і мовы. Больш складаныя па артыкуляцыі зычныя гукі, свісцячыя і шыпячыя, з’яўляюцца толькі ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. І, нарэшце, гукі Р і цвёрды Л у большасці дзяцей асвойваюцца ў перыяд ад 5 да 6 гадоў.
– Ці варта паказвацца настаўніку-дэфектолагу дзеля прафілактыкі? Па якіх прыкметах бацькі могуць зразумець, што да спецыяліста трэба звяртацца неадкладна?
– У трохгадовым узросце кансультацыя спецыяліста рэкамендавана ўсім дзецям, не залежна ад таго, ёсць у іх дэфекты маўлення або няма. Бацькоў павінны насцярожыць такія прыкметы: дзіця не разумее чужую гаворку, не мае зносін з іншымі людзьмі (як дарослымі, так і аднагодкамі), мае бедны запас слоў, няправільна будуе фразы.
– Далёка не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць наведваць развіваючыя заняткі. Як можна бацькам самастойна займацца дома кожны дзень?
– Раю бацькам штодня праводзіць па адной гульні, але яна павінна насіць развіваючы кірунак. Гэта можа быць развіццё дробнай маторыкі рукі малога, графічных навыкаў, слыхавой увагі. Абавязкова штодня выконваць артыкуляцыйную гімнастыку. Стымуляваць маўленчыя выказванні дзяцей у такіх гульнях, як лато. Яна ўзбагаціць слоўнікавы запас вашых дзяцей. Бацькам тых дзяцей, якім ужо споўнілася 4 гады, раю звярнуць увагу на гульні, накіраваныя на фарміраванне граматычнага ладу мовы і развіццё звязнай вуснай мовы. Напрыклад: «Адзін – шмат», «Назаві ласкава», «Пазнай па апісанню», «Супрацьлегласці».
Неабходна заўсёды ўважліва слухаць дзіця, размаўляць з ім, не перабіваючы і не падганяючы, патрэбна чытаць кожны дзень. Лепш, чым бацькі, ніхто не раскажа дзіцяці казку. Трэба быць уважлівым да свайго дзіцяці, сачыць за яго развіццём і своечасова звяртацца да спецыялістаў.
