Здаецца, яшчэ некалькі тыдняў таму мы атрымлiвалi асалоду ад снежнай зiмы, а вось ужо i да перыяду летнiх адпачынкаў рукой падаць.
І як паказвае наша каранавірусная рэчаіснасць, адпачынак у заморскіх краінах сёлета зноў адкладваецца. Значыць, давядзецца атрымліваць асалоду ад лета на радзіме. Напрыклад, на возеры Асалода ў Зашыр’і.
Пляжная тэма ўжо стала актуальнай даўно, сцвярджае начальнік зоны адпачынку «Асалода» Аляксандр Хадакоўскі. Хутка пачнецца новы сезон адпачынку.
– Звычайна з 9 мая ў нас з’яўляюцца першыя адпачывальнікі, – гаворыць Аляксандр Андрэевіч. – Таму падрыхтоўку да новага сезону мы распачалі загадзя, каб сустрэць першых наведвальнікаў у поўнай гатоўнасці. Рабочыя, якія працуюць у зоне адпачынку «Асалода», прыбіраюць старыя паваленыя дрэвы, фарбуюць альтанкі і ценявыя навесы, наводзяць парадак у гасцявых доміках, рамантуюць мангалы для шашлыкоў, катамараны.
Па словах Аляксандра Хадакоўскага, мінулы год быў вельмі добры на заработак. Многія людзі, якія цэняць і паважаюць адпачынак на беларускай прыродзе, выбралі месцам для яго зашырскую «Асалоду».
– Ніводзін домік мінулым летам ні на адзін дзень не пуставаў, – расказвае Аляксандр Андрэевіч. – Прыбытак ад адпачываючых і аматараў рыбнай лоўлі склаў за мінулы сезон 186 тысяч беларускіх рублёў. Такога за свае восем гадоў працы на возеры я не памятаю. Адпачывалі ў нас не толькі жыхары Ельшчыны, але былі госці з Гомеля, Мазыра, Гродна. Многія спыняліся на некалькі дзён, а некаторыя на суткі. Гэта былі і сем’і з дзецьмі, і невялікія кампаніі, і аматары рыбнай лоўлі. Сёлета, дарэчы, мы цэны на адпачынак не паднімалі. Думаю, што і гэтым летам ажыятаж на наша возера не спадзе. Як бачым, каранавірус не адступае.
Браніраванне нумароў у зоне адпачынку «Асалода» ўжо стартавала. Як вядома, тут налічваецца 24 спальныя месцы. Пакоі ёсць і ў вялікай гасцініцы, і ў асобных доміках. Усюды ёсць неабходныя прылады для камфортнага адпачынку: халадзільнікі, мікрахвалёўкі, электрачайнікі. На тэрыторыі ёсць свідравіна з вадой. Працуе лазня, ёсць більярдная зала. Адным словам, усё неабходнае для адпачынку на ўлонні прыроды. Як заўважае Аляксандр Хадакоўскі, адпачывальнікі звычайна ведаюць пра ўмовы пражывання і адпачынку на «Асалодзе» і імкнуцца не парушаць існуючыя правілы.
Для тых жа, хто не плануе начоўку на возеры, прадстаўляецца магчымасць правесці дзень у альтанцы ці на лоўлі рыбы. Да слова, возера вельмі вабіць да сябе многіх аматараў рыбнай лоўлі. Тут водзяцца карпы, карасі, белы амур, таўсталобікі, самы. Штогод напярэдадні сезону ў возера з рыбгаса «Белае» Жыткавіцкага раёна прывозяць не менш тоны рыбы, адзначыў Аляксандр Хадакоўскі. Рабочыя возера пастаянна падгадоўваюць рыбу. І рыбныя рэкорды не прымушаюць сябе чакаць.
– Да нас часта прыязджаюць аматары рыбнай лоўкі – флэш-рыбакі, якія ловяць рыбу, фатаграфуюцца з ёй і адпускаюць назад у возера, – гаворыць Аляксандр Андрэевіч. – Дык вось мінулым летам адзін рыбак вылавіў карпа вагой 16 кілаграмаў 100 грамаў!
Любяць адпачываць на Асалодзе і мясцовыя жыхары. Асабліва вабіць прахалодная вада возера ў гарачыню. Таму на пляжы адпачывальнікаў – хоць адбаўляй! Да таго ж, тыя, хто знаходзіцца ў зоне адпачынку без аўтамабіля, могуць адпачываць бясплатна. Калі ёсць жадаючыя зладзіць пікнік ці пасмажыць шашлыкі, ім давядзецца заплаціць невялікую суму за карыстанне мангаламі і навесамі.
Ганна Гаўрылава
Тэкст апублікаваны ў газеце «НГ» ад 17 красавіка