У час сустрэчы маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна цікавіліся маладыя людзі і праектам Асноўнага закона краіны. Справа ў тым, што старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосцік мае непасрэднае дачыненне да працы над праектам Канстытуцыі. Ён адзіны прадстаўнік ад Гомельскай вобласці, які прайшоў адбор і ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі па дапрацоўцы праекта Асноўнага закона краіны.
Віктар Замосцік расказаў, што над праектам Асноўнага закона працавалі Канстытуцыйная камісія, створаная ў сакавіку гэтага года Указам Прэзідэнта, і спецыяльная рабочая група, у склад якіх увайшлі аўтарытэтныя эксперты, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці, паважаныя і вопытныя людзі. Ён адзначыў, што ўсе працавалі сумленна і адказна, вывучаючы вопыт іншых краін і дэтальна аналізуючы кожны артыкул Канстытуцыі. У выніку змяненні прапануюцца ў 77 артыкулах Асноўнага закона, прэамбуле. Дадаткова плануецца ўвесці адну новую частку, якая будзе даваць характарыстыку паўнамоцтваў, фарміравання і статусу Усебеларускага народнага сходу. Асобным артыкулам выводзіцца тэма маладзёжнай палітыкі. «Такога артыкула ў Канстытуцыі няма ні ў адной краіне свету», – падкрэсліў Віктар Замосцік.
Пасля прыняцця на рэферэндуме Канстытуцыі, удакладніў Віктар Замосцік, наперадзе будзе вялікая работа па прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з ёй і ўнясенню змяненняў у заканадаўчыя акты.
Маладыя людзі Ельшчыны цікавіліся праектам Асноўнага закона краіны