Чалавек. Хлеб. Жыццё

Сельское хозяйство

Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2012» прайшоў 21 – 22 верасня ў Горках і Горацкім раёне.  Свята хлебаробаў арганізуецца ў Беларусі штогод з 1996 года па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.


Да «Дажынак 2012» Горкі значна змяніліся. У горадзе пасля рэканструкцыіі былі адкрыты новыя сацыяльныя аб’екты, прыведзены ў парадак установы адукацыі, культуры, спорту, добраўпарадкаваны вуліцы, адноўлены аўтавакзал, кінатэатр і многае іншае.


Па традыцыі галоўнай падзеяй рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі  «Дажынкі 2012» стала ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод і прэмій пераможцам (усяго 247 пераможцаў у 13 намінацыях) рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і збожжабабовых культур «Славім хлеб і рукі залатыя». Цырымонія прайшла ў амфітэатры маладзёжнага культурна-забаўляльнага цэнтра, які быў спецыяльна пабудаваны да фестывалю на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Лепшыя з лепшых за высокія дасягненні ў вытворчасці збожжа атрымалі ганаровыя дыпломы, грашовыя прэміі, кветкі і каштоўныя падарункі, у тым ліку і з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод падарункаў – скутары і матацыклы, мотаблокі і халадзільнікі, дамашнія кінатэатры і тэлевізары, а таксама суперпрызы – легкавыя аўтамабілі.


Акрамя таго, на «Дажынках» былі адзначаны ганаровымі дыпломамі, кветкамі і падарункамі пераможцы рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», а таксама пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры  земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў».


Што датычыцца вынікаў, то сёлетняя ўборачная прайшла зладжана і арганізавана. Так, ва ўсіх катэгорыях гаспадарак намалочана 9 млн 166 тысяч тон збожжа. Гэта на 1 млн больш, чым летась. Сярэдняя ўраджайнасць па рэспубліцы – 37,3 ц/га. Аб’ёмы харчовай пшаніцы, жыта, аўса і ячменю, якія пастаўлены на прадпрыемствы хлебапрадуктаў, дазволяць цалкам забяспечыць патрэбнасць млыноў і заводаў рэспублікі ў сыравіне да новага ўраджаю.


Свята хлебаробаў скончылася, але да канца года  трэба выканаць яшчэ шмат работ. Цяпер ідзе  ўборка кукурузы на зерне. Па папярэдніх ацэнках, агульны валавы збор зерня папоўніцца больш чым на 1 млн тон. У разгары ўборка кукурузы на зялёны корм і сілас, а таксама цукровых буракоў, бульбы і гародніны. Практычна завершана сяўба азімых збожжавых культур. Сённяшнія пераможцы «Дажынак» працягваюць працаваць разам са сваімі калегамі не пакладаючы рук.


У наступным годзе эстафету свята ў Горак прыме горад Гомель і Гомельскі раён. Тут пройдзе Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2013».


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *