Тысячы дарог Уладзіміра Калбасіна


За плячыма Уладзіміра Калбасіна, вадзіцеля МАЗа ААТ «Ельскі аграсервіс», многія тысячы кіламетраў дарог. Вопыт, дысцыплінаванасць і высокая адказнасць за даручаныя справы Уладзіміра Леанідавіча выклікаюць давер і павагу сярод работнікаў арганізацыі.


Уладзімір Калбасін працуе вадзіцелем у Ельскім аграсервісе два гады. Многа гадоў  назад  ён таксама тут працаваў, але лёс склаўся так, што давялося доўгі час калясіць не толькі па Беларусі, але і далёка за яе межамі. Тым не менш, рамантычная  прафесія дальнабойшчыка вымушала знаходзіцца працяглы час далёка ад сям’і, таму прыйшлося змяніць яе. Зараз Уладзімір Леанідавіч працуе на МАЗе, на якім перавозіць разнастайныя грузы.


– Зараз мы развозім мінеральныя ўдабрэнні ў сельгаспрадпрыемствы Ельскага і Нараўлянскага раёнаў, – расказаў пры сустрэчы вадзіцель. – Летам бываем і ў Рагачоўскім, і ў Чачэрскім раёнах, адкуль прывозім рапс і зерне сланечніка на перапрацоўчы ўчастак. Дастаўляем з Лельчыцкага раёна шчэбень. У гарачую жніўную пару ўдзельнічаем ва ўборцы ўраджаю – адвозім зерне, працуем на корманарыхтоўках. Адным словам, работы дастаткова заўсёды.


Кіраўніцтва ААТ «Ельскі аграсервіс» і працаўнікі аргані-зацыі паважаюць Уладзіміра Калбасіна за заўсёдную гатоўнасць прыйсці на выручку, за прафесіяналізм і адданасць сваёй справе. Сёлета гэты вадзіцель прызнаны лепшым у сваёй прафесіі і будзе прадстаўляць калектыў арганізацыі на падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў Ельскага раёна за дасягнутыя лепшыя паказчыкі ў вытворчасці і сацыяльнай сферы за 2012 год.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *