Мой сябра – баян


Штогод вучні Ельскай дзіцячай школы мастацтваў прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, фестывалях, прыносячы ў скарбонку ўстановы разнастайныя ўзнагароды. Не стала выключэннем і гэта вясна.

P1010341
У сакавіку 2014 года ў Гомельскім абласным каледжы мастацтваў імя М. Сакалоўскага прайшоў VII міжнародны конкурс «Мой сябра – баян». Мерапрыемства сабрала каля 200 юных выканаўцаў з розных абласцей Беларусі, а таксама Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы.
Ельскі раён прадставіла вучаніца дзіцячай школы мастацтваў Юлія Бараноўская, музычны кіраўнік якой Таццяна Харко (на здымку).
Па выніках конкурсных праслухоўванняў кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў у розных узроставых групах. Юля ўвайшла ў тройку лідараў і ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Баян» (сярэдняя група).
– З Юляй мы займаемся ўжо трэці год, – расказвае Таццяна Васільеўна. – З самага пачатку яна праявіла незвычайныя здольнасці да музыкі. І перамога ў міжнародным конкурсе – гэта вынік яе руплівасці, стараннасці, упартай працы. Таксама хачу выказаць словы ўдзячнасці бацькам Юлі, якія заўсёды яе падтрымліваюць.
Таццяна Харко лічыць, што ўдзел у разнастайных конкурсах дапамагае дзецям паказаць свой узровень музычнай падрыхтоўкі, адкрывае перад імі новыя перспектывы, дае стымул для далейшых творчых здзяйсненняў і перамог.
– Для дасягнення пэўных поспехаў патрэбна мэтанакіравана займацца з вучнямі, удзяляць іх падрыхтоўцы шмат часу. Але галоўнае – гэта жаданне вучня развівацца, дасягнуць вышынь, яго любоў да музыкі, – упэўнена Таццяна Васільеўна.

Вольга СВЕЦІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *