Школьны шопінг набірае абароты

Образование

Не так і многа часу застаецца да пачатку новага навучальнага года. Таму ўжо зараз самыя прадбачлівыя бацькі і дзеці пачалі рыхтавацца да новага школьнага сезона.

1842096-5532cd4a48a90750

У многіх гандлёвых кропках беларускіх гарадоў распачаліся школьныя кірмашы. Пачаўся продаж тавараў школьнага асартыменту і ва ўнівермазе Ельска. Неабходныя школьныя прылады можна купіць і ў крамах “Ялінка” Ельскага райпо і “Паліграфіст” (Мазырскай тыпаграфіі “Калор”). Дарэчы, школьныя сшыткі ды іншыя канцтавары ў краме “Паліграфіст” таннейшыя, чым у іншых гандлевых кропках Ельшчыны. Аб гэтым ведаю дакладна, бо сама купляла там школьныя прыналежнасці для свайго сына-гімназіста.

Што датычыць школьнай формы, дык, на жаль, выбар яе як для хлапчукоў, так і для дзяўчынак невялікі. Відаць новага прывоза тавараў яшчэ не было, таму зараз пакупнікам прапаноўваюцца касцюмы і сукенкі, што засталіся з мінулага сезона. Тыя бацькі, якія імкнуцца загаддзя сабраць дзецям усё неабходнае да школы мусяць ехаць у Мазыр ці Гомель, дзе больш разнастайны выбар школьных касцюмаў, сукенак ды розных школьных прыналежнасцей. А некаторыя ,найбольш рызыкоўныя, адпраўляюцца ў суседнюю Ўкраіну, дзе і праводзяць школьны шопінг.

Як удакладнілі прадаўцы ельскага “Універмага”, наплыў пакупнікоў  традыцыйна назіраецца пасля 20 жніўня і асабліва — у апошнія дні месяца, калі дзеці прыязджаюць з адпачынку, ад сваіх бабуль-дзядуляў. “Аднак і зараз таксама нямала бацькоў звяртаюцца да нас — хочуць сабраць сваіх дзяцей да школы крыху раней, калі ўсё можна спакойна выбраць, прымераць”, — расказваюць прадаўцы. У пачатку жніўня, заверылі нас адказныя работнікі райспажыўтаварыства, чаецца прывоз школьных касцюмаў ва “Універмаг” г. Ельска.

Будзем спадзявацца, што да пачатку школьных заняткаў бацькі паспеюць купіць усё неабходнае, каб сабраць сваіх дзяцей да школы.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *