З гісторыі вёскі Скароднае Ельскага раёна

Общество

Раней у Скародным пражывала вялікая колькасць яўрэяў, сведчаць гістарычныя дакументы.

IMG_6039

«У 1899 годзе Лянчэўскі прапанаваў раздзяліць уезд на чатыры духоўныя акругі. Першая ўключала б Мазыр, Мястэчка Карлін (магчыма, гаворка ідзе пра Каралін – Ельск, заўв. аўтара) і сяло Скародна (6950 яўрэяў), другая – Петрыкаў, Капаткевічы і Скрыгалаў (3865 яўрэяў), трэцяя – Давыд-Гарадок, Лахва, с. Рубль (3045 яўрэяў), а чацвёртая – Тураў, Ленін, Лельчыцы і сёлы Жыткавічы, Тонеж і Гліннае (1983 яўрэяў)», – гаворыцца ў кнізе доктара гістарычных навук Леаніда Смілавіцкага «Яўрэі ў Тураве. Гісторыя мястэчка Мазырскага Палесся».
Тое, што палову скараднянскага насельніцтва ў пачатку мінулага стагоддзя складала яўрэйскае, пацвярджаюць і мясцовыя жыхары. Адзін з іх – Міхаіл Рыгоравіч Дзянісаў, які да вайны скончыў 6 класаў Скараднянскай школы.
– Да чацвёртага класа, – успамінае Міхаіл Дзянісаў, – мы вучыліся асобна і яўрэйскія дзеці асобна. А ў пяты клас ужо ўсе хадзілі ў адну школу. Добра помню, што ў маім класе з 40 чалавек палавіна была яўрэйскіх дзяцей. Ды і наогул мястэчка наша вялікае было: тут, у Скародным, як у гарадах, да вайны тратуары былі вымашчаны дошкамі. Пасля вайны людзі забіралі гэтыя дошкі з тратуараў у зямлянкі.
Узгадвае старажыл і тое, што яўрэі былі вельмі працавітымі людзьмі: вялі дамашнюю гаспадарку, абраблялі агароды, гандлявалі. Міхаіл Дзянісаў помніць, што адзін яўрэй абменьваў прадукты харчавання на тыя прадметы, якія былі рэдкімі ў той час, напрыклад, на іголкі. Дзеці ж з задавальненнем абменьвалі курыныя яйкі на цукеркі. А дзявятага чысла кожнага месяца ў Скародным быў кірмаш, на якім заўсёды ішоў ажыўлены гандаль рознымі таварамі, жывёлай. Міхаіл Рыгоравіч гаворыць, што яўрэі нават з Адэсы на кірмаш валоў прадаваць прыводзілі.
Ведаюць цяперашнія жыхары Скароднага і тое месца, дзе калісьці была яўрэйская сінагога. Зараз там дом пабудаваны. А яўрэйскія могілкі па дарозе на Засінцы, з левай стараны, размяшчаліся на ўзгорку. На жаль, ад іх толькі адзін помнік застаўся з надпісам на незразумелай мове. Кажуць, пасля вайны гэтыя каменныя помнікі людзі на падмуркі для дамоў цягалі: надта ж моцнае і трывалае каменне было. Вось толькі адзін і застаўся як сведка пра чыйсьці лёс…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *