Жыццярадасная, добрая і разумная!

Образование

Яе любяць вучні. Яна заняла трэцяе месца ў раённым конкурсе «Настаўнік года-2006», а ў мінулым годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела адукацыі Ельскага раённага выканаўчага камітэта. Пры ўсім гэтым маладая настаўніца застаецца сціплай і працягвае плённа працаваць.


Марына Дзмітрыеўна Бараноўская выкладае беларускую мову і літаратуру ў Дзвіжкаўскай базавай школе. Любоў да роднага слова імкнецца прывіць сваім вучням не толькі на ўроках. Удзел у розных выхаваўчых мерапрыемствах, творчых конкурсах і віктарынах, на думку Марыны Дзмітрыеўны, дапамагае пашырыць кругагляд вучняў, праявіць іх здольнасці, далучыць да гісторыі і традыцый беларускага народа, выхоўваць патрыятызм.


Дырэктар школы Алег Сямёнавіч Зуевіч адзначыў, што Марына Дзмітрыеўна працавітая і старанная, з адказнасцю ставіцца да любой справы, можа даць карысную параду маладому спецыялісту, падзяліцца сваім вопытам з калегамі. Многім спадабалася мерапрыемства пад назвай «Беларусі я ў любові пакланюся», сцэнарый да якога напісала Марына Дзмітрыеўна, а ўдзел у пастаноўцы прымалі вучні 6 і 7 класаў.


– Шчыра кажучы, я ганаруся такім творчым педагогам! – падкрэсліў Алег Сямёнавіч.


– Марына Дзмітрыеўна нам падабаецца, бо яна жыццярадасная, добрая і разумная, – расказваюць вучні пра класнага кіраўніка. – З ёй заўсёды цікава! Калі мы класам нешта святкуем, то яна абавязкова спячэ для нас смачны торт!


– Працаваць у школе мне падабаецца, – дзеліцца думкамі М.Д. Бараноўская. – Стаж работы ў мяне не вельмі вялікі, але я адчуваю, што быць настаўнікам – гэта маё прызванне.


Класным кіраўніком я працую чацвёрты год. Памятаю, калі прый-шла ў Дзвіжкаўскую школу, то мне адразу даручылі выпускны 9-ы клас, у якім было шэсць вучняў. Прыемна, што яны і зараз наведваюць мяне, расказваюць пра сваё жыццё. З цяперашнім класам працую ўжо тры гады. У нашай невялічкай класнай сям’і мы стараемся жыць дружна. Усе цікавыя падзеі нашага школьнага жыцця знаходзяць адлюстраванне ў летапісе класа, ёсць тут і шматлікія дыпломы і граматы, якія сведчаць аб поспехах маіх выхаванцаў.


Арцямчук Кацярына і Кокін Ілья атрымалі Дыпломы I ступені за ўдзел у фальклорна-этнаграфічным праекце «Беларускі мацярык», які праходзіў у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!». Марозу Яўгену, Петрухно Галіне і Арцямчук Кацярыне даслалі лісты падзякі за актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе малюнка «На сваёй зямлі». Свае работы яны падрыхтавалі пад кіраўніцтвам Т. М. Шэцка.


У мінулым навучальным годзе наш клас заняў першае месца па збору макулатуры і быў прызнаны лепшым класам года!


На стэндзе, дзе размешчаны матэрыялы пра класнае жыццё, запісаны словы: 


 «Што нас аб’ядноўвае? Любоў да зямлі, на якой жывём; патрэбнасць ведаць больш, чым ведаем, умець больш, чым умеем.
Што нам даражэй за ўсё? Чалавек з яго думкамі, клопатамі, радасцямі і нягодамі».


Думаю, гэтыя словы адлюстроўваюць тое, на чым грунтуюцца узаемаадносіны настаўніка і вучняў, іх духоўныя каштоўнасці, напрамкі дзейнасці, мары і імкненні.


Спадзяюся, што Марына Дзмітрыеўна Бараноўская і яе вучні яшчэ не раз парадуюць нас новымі поспехамі і перамогамі!


М. Сугак.
Фота А. Сіліверста.



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *