Чалавек з адкрытай душою


Ніна Аляксееўна Дворак ужо пятнаццаць год працуе ў Ельскім раённым вузле электрычнай сувязі. З 2002 года займала пасаду інспектара па кадрах РВЭС, а з 1 красавіка – электрамеханік сувязі.  У гэтай арганізацыі з 2004 года Н.А. Дворак займае пасаду намесніка старшыні прафсаюзнага камітэта. У абавязак Ніны Аляксееўны уваходзіць прыём і рэгістрацыя заяў на ліквідаванне няспраўнасцей і рамонт ліній сувязі. У залежнасці ад паломкі начальнік лінейнага ўчастка напраўляе майстроў-рамонтнікаў, якія ажыццяўляюць рамонт, на станцыю або на лінію сувязі.


Камісія па праванарушэннях, у склад якой уваходзіць Н.А. Дворак, можа у любы момант праверыць работу супрацоўнікаў лінейнага ўчастка і другіх аддзелаў.


Ніна Аляксееўна завочна скончыла Віцебскі філіял вышэйшага каледжа сувязі па спецыяльнасці «Аўтаматычныя сістэмы тэлекамунікацый».


Як прызналася мая субяседніца, з выбарам прафесіі яна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве. У той час, калі яе аднагодкі выпісвалі часопісы «Мурзилка» і «Веселые картинки», Ніну цікавілі такія выданні, як «Юный натуралист» і «Юный техник». Яе цягнула да адвёрткі, паяльніка, радыётэхнікі, вось і цяпер усе хатнія электрапрыборы рамантуе сама.


У юнацтве яшчэ адным захапленнем было швацтва. У хаце стаяла машынка «Зінгер», за якой дзяўчына магла прасядзець не адну гадзіну, нават для сябе шыла.


Да таго ж Ніна Аляксееўна навучылася вышываць «крыжыкам», нямала прыгожых рэчаў стварыла сваімі рукамі, цяпер  працуе над іконай «Мікалая-Цудатворца».


Яе маці – Вольга Максімаўна рукадзельнічае ўсё жыццё. У вёсцы Кочышчы, дзе пражывае сям’я Лобан, мала хто можа пахваліцца такой колькасцю вышытых посцілак, абрусаў, ручнікоў, накрывак. Аб гэтай жанчыне і яе вышыўках мы ўжо пісалі на старонках газеты.


Сваім бацькам Ніна Аляксееўна ўдзячна за ўсё, асабліва за тое, што выхавалі яе працалюбівай, чулай да чужога гора, неабыякавай да акружаючых яе лю-дзей.  


Зараз у яе свая сям’я. Разам з мужам выхоўваюць сына.


У пакоях кватэры, дзе пражывае сям’я Дворак, ёсць вялікая колькасць кветак: драцэны, фіялкі, фікусы, пеларгоніі і іншыя. Каля дома разам з маладымі сажанцамі, вінаграднікам упрыгожваюць агарод ружы і ліліі. Уся гародніна, садавіна, якая вырасла на ўчастку, старанна кансервуецца гаспадыняй.


Яшчэ Ніна Аляксееўна вельмі любіць гатаваць. Атрымліваюцца ў гаспадыні смачныя салаты і мясныя стравы, якія яна абавязкова ўпрыгожвае зеленню, перад тым як падаць да стала. Смакавыя якасці розных гатункаў задаволяць любога гурмана. 


Часта пячэ пірагі, здобу – булкі, пячэнне, кексы, – якой любіць пабалаваць сваіх родных і шматлікіх гасцей, якія часта бываюць у яе доме.


Шчыра зычу Ніне Аляксееўне поспехаў у працы, шчасця ў сямейным жыцці і дабрабыту ў доме


М. Ільюк.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *