Падарылі людзям свята

Общество

У памяшканні цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшло пасяджэнне клуба «Залаты ўзрост». Членамі гэтага клуба з’яўляюцца пенсіянеры нашага горада. Сваё існаванне аб’яднанне пажылых людзей вядзе з 14 кастрычніка 1997 года. Як адзначыла загадчыца метадычнага аддзела раённай бібліятэкі Т.А. Богач, клуб не ўзнік спантанна, а быў арганізаваны менавіта для пенсіянераў. Людзі прыходзяць сюды не толькі, каб весела правесці вольны час, тут яны дзеляцца сваімі праблемамі, абмяркоўваюць розныя пытанні, расказваюць пра сваё жыццё. Састаў аб’яднання пастаянна мяняецца, прыходзяць новыя людзі, якія потым прыводзяць іншых.


Мерапрыемства, на якое запрасілі «Залаты ўзрост», было прысвечана Міжнароднаму дню жанчын. Урачыстая праграма складалася з віншавання, якое прагучала ад імя працаўнікоў бібліятэкі, а таксама з выступлення фальклорнага калектыву «Валошкі» Валаўскага СДК.


Са святам ад імя калектыву цэнтральнай раённай бібліятэкі і ад свайго імя ўсіх прысутных павіншавала кіраўнік Надзея Анатольеўна Суткаленка. Далей канцэртную праграму прадоўжылі вядучыя – супрацоўнікі бібліятэкі –Т.А. Богач, Г.У. Трафімава і Ю.А. Антропава. Яны ў вершаванай форме пад суправаджэнне ціхай мелодыі прадоўжылі ўслаўляць ганаровае імя жанчыны. Са слоў вядучых, жанчына, у першую чаргу, з’яўляецца маці. Менавіта яна, жанчына-маці, здольная вытрымаць усе цяжкасці і выпрабаванні, выпаўшыя на яе лёс, менавіта яна – маці можа бескарысна любіць сваё дзіця, аберагаць, чакаць і дараваць яму ўсё. А самае галоўнае – толькі яна – жанчына-маці здольная даць жыццё іншаму.


Затым на імправізаваную сцэну залы выйшлі жанчыны народнага фальклорнага калектыву «Валошкі» пад кіраўніцтвам Г.М. Бурміч, якім акампаніраваў  Эдуард Кашэвіч. Павіталіся, павіншавалі ўсіх з мінулым святам і заспявалі песню «Мой край беларускі», у якой услаўлялася краса роднай зямлі, сяброўства трох братэрскіх народаў. Пасля прагучалі народныя песні «Каля кузні ішла», «Варэнікі».


Танцы «Падыспань» з «Нарэчанькай» несумненна ўсхвалявалі успамінамі аб былой маладосці ўдзельнікаў «Залатога ўзросту». Далей «Валошкі» «пасыпалі» песнямі, як з рога дастатку: «Каліна-маліна», «Над быстрою речкой»,  «Ой, там каля рэчкі» і іншыя. Але самым запамінальным было выкананне каларытных частушак, якія прыемна ўсіх уразілі.


Цікава было не толькі слухаць, але і глядзець. Жанчыны былі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы з беларускімі арнаментамі: кашулі, фартухі, адмысловыя галаўныя ўборы надзвычайнай прыгажосці, вышытыя рукамі іх маці, бабулі, нават прабабулі. Прыгожыя танцы, якія так захапляюча выконваліся, аж самаму захацелася патанцаваць, і проста цёплая, святочная атмасфера, падараваная народным калектывам Валаўскага Дома культуры, ўзнялі настрой усёй аўдыторыі.


На развітанне «Валошкі» заспявалі «Бывайце здаровы» – на гэтай ноце закончылі цудоўны канцэрт. Але той настрой, тую атмасферу, якія панавалі ў зале, цяжка апісаць словамі. Развітваючыся з фальклорным калектывам Валаўскага СДК, жанчыны ледзь стрымлівалі свае эмоцыі, шчыра запрашалі «Валошак» абавязкова наведаць клуб «Залаты ўзрост» у наступны раз. Вясёлы настрой і добрыя эмоцыі надоўга застануцца ў памяці пажылых жанчын, якія шчыра аддзячылі ўдзельнікаў канцэрта шчодрымі апладысментамі.


Мне захацелася пагутарыць з кіраўніком фальклорнага калектыву. Размова з  Галінай Мікалаеўнай атрымалася даверлівай і адкрытай. Яна многа расказала цікавага, шмат даведаўся я і ад саміх удзельнікаў.


Фальклорны калектыў «Валошкі» мае ганаровае званне народны. У да-дзены момант рыхтуецца да Тыдня Еўропы, які пройдзе ў Германіі ў маі гэтага года. Калектыў шмат дзе выступаў: былі з канцэртамі не толькі за мяжой раёна, вобласці, а нават і рэспублікі. Апошняя паездка – фестываль на Украіне «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных». Удзельнічаюць ва ўсіх масавых мерапрыемствах вёскі, горада, раёна: «Аганёк», шоу «Міс-2009», «Масляніца», «Купалле», «Грай, гармонік», фестываль песні «Пад белымі крыламі» і многа іншых.


Хутка «Валошкі» адзначаць 60-годдзе са дня ўтварэння. Састаў выканаўцаў пастаянна абнаўляецца. Прыемна і тое, што ў калектыве нараўне з пажылымі жанчынамі спяваюць і маладыя дзяўчаты. Папаўняецца і рэпертуар «Валошак».


Ад усяго сэрца хочацца пажадаць гэтаму самадзейнаму калектыву творчага ўздыму і  поспехаў на сцэне.


М. Ільюк.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *