Працоўная дынастыя Ільюкоў


Майго суседа  Андрэя Міхайлавіча Ільюка ў весцы Рамязы ўсе добра ведаюць. Андрэй Міхайлавіч знаёмы аднавяскоўцам як добрасумленны працаўнік, які ўсё сваё жыцце адпрацаваў у гаспадарцы роднай вескі.


Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Рамязы» (а тады ён называўся калгас «Партызан») з радасцю прыняў у свае рады маладога працавітага хлопца. Таму што добра ведалі ў калектыве, што не прывык Андрэй бегаць ад работы і да працы ставіўся адказна. А свой працоўны стаж юнак пачаў весці аж з 15-ці гадоў.


Пасля таго, як скончыў сем класаў, у 1962 годзе паехаў ён вучыцца на плотніка ў будаўнічае рамеснае вучылішча, адначасава вывучаў і сталярную справу. Правучыўся два гады і, атрымаўшы спецыяльнасць столяра ІІ разраду, працаваў у казахстанскім горадзе Джазказгане. Затым была служба ў арміі (горад Ош). Выканаўшы свой вайсковы абавязак і скалясіўшы Казахстан і Кіргізію, вярнуўся дамоў.


«Па праўдзе кажучы, – заяўляе Андрэй Міхайлавіч, – прапаноўвалі застацца на службе і далей. Аднак не захацеў – цягнула да сябе родная зямля».


Спачатку А.М. Ільюк плотнічаў, а затым працаваў вадзіцелем у СМУ-64. Тады, будучы ў меліяратыўнай арганізацыі, яго направілі на вайсковыя зборы. І яшчэ раз давялося пабываць яму на месцы сваёй службы – ў Кустанайскую вобласць. Перавозіў машынамі збожжа ад камбайнаў. Гэта было ў 1971 годзе.


Адпрацаваўшы некалькі месяцаў у меліярацыі, ажаніўся і застаўся жыць і працаваць у Рамязах.


«І кім толькі не давялося мне быць! – гаворыць Андрэй Міхайлавіч, крыху памаўчаўшы, дабаўляе: – Як быў яшчэ падлеткам, часта, вярнуўшыся дамоў са школы, бег на ферму, каб дапамагчы бацьку ў рабоце: то буйнарагатую жывёлу пас, то даглядаў коней: удзень карміў, а ўначы гнаў пасвіць статак на выган.


Мой бацька – Міхаіл Сяргеявіч, таксама як і маці – Кацярына Карпаўна – ўсё сваё жыццё працавалі ў родным калгасе. Ён быў конюхам, жывёлу пасвіў, яна – даяркай (на той час даілі кароў уручную). Праца ў калгасе – справа нялегкая. Працавалі тады з самага ранку, аж пакуль сонца не схаваецца».


Вось так і ён, гледзячы на сваіх бацькоў, вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай.


Спачатку працаваў вадзіцелем (на бартавым ГАЗ-51), потым слесарам, затым зноўку падаўся ў плотнікі. Калектыў Андрэя Міхайлавіча, дзе ён працаваў, займаўся будаўніцтвам аб’ектаў сельскагаспадарчага накірунку: два хлявы, збожжасушылка, насенны склад, сталоўка і нават лазня былі ўзведзены працаўнікамі яго брыгады.


За гэты час успеў зарэкамендаваць сябе як дысцыплінаваны і адказны работнік. Таму можа і па гэтай прычыне А.М. Ільюку прапанавалі паспрабаваць сябе ў мельніцкай справе. І ў яго атрымалася. Аж да самага 2007 года займаўся гэтай адказнай працай.


Працоўны стаж гэтага чалавека толькі ў сельскагаспадарчым кааператыве «Рамязы» налічвае 38 гадоў.


Нават, калі Андрэй Міхайлавіч выйшаў на заслужаны адпачынак, ён працягвае аказваць дапамогу роднай гаспадарцы. Нікому і ніколі не адказаў Міхайлавіч ў дапамозе: ці то змалоць збожжа, ці то іншую работу выканаць. І ўсё ў яго атрымоўваецца і ўсё ў яго выходзіць.


Са слоў малодшай дачкі Людмілы, якая характарызуе бацьку працавітым, дабрадушным і справядлівым чалавекам, сваё жыцце пражыў ён не марна. Працаваў старанна і аккуратна. Не гледзячы на ўзрост і розныя балячкі, стараецца выконваць работу сам. Паможа нават і на агародзе (грады праполе, ды і на асабістым трактары і спаша, і дроў, сена прывязе).


Дома таксама свая гаспадарка ёсць: карова, цялё, свінні, куры.


Патрэбна ўсюды руку прыкласці, тады і добры вынік атрымаецца.


Разам са сваёй жонкай Надзеяй Федараўнай, якая  ўсе жыццё працавала даглядчыцай цялят, выхавалі чацвярых дзяцей. Трое з іх – у сельскагаспадарчым кааператыве «Рамязы».


Наталля з’яўляецца даглядчыцай на дарошчванні, яна перадавік. Анатоль –  у будаўнічай брыгадзе. Дачка Людміла працуе ў школьнай сталовай, але яшчэ прыбірае кабінеты спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Толькі жонцы старэйшага сына Міхаіла  ўдалося перацягнуць да сябе, на Украіну. Вось і лічыце самі, што амаль усё трэцяе пакаленне сям’і Ільюкоў працуе ў гэтай гаспадарцы.


Мае Андрэй Міхайлавіч і чатырох унукаў. Яны дастойна прадоўжаць працоўную дынастыю свайго слаўнага рода.


М. Ільюк.
На здымку: глава сямейства Андрэй Міхайлавіч Ільюк.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *