Успомнілі сваю гісторыю


12 ліпеня ў вёсцы Рамязы, у памяшканні мясцовага Дома культуры, праходзіла свята вёскі. На святочнае мерапрыемства прыйшлі ўсе жадаючыя. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Рамязоўскага сельскага Савета Мікалай Аляксандравіч Любін, кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Рамязы» Генадзій Уладзіміравіч Дражын, дырэктар Рамязоўскай агульнаадукацыйнай школы Вера Уладзіміраўна Шэцка, настаўнікі, вучні, а таксама мясцовыя жыхары.


Пасля таго, як прагучала песня «Домик окнами в сад», якую выканала Марыя Лук’янаўна Сыч, на імправізаванай, упрыгожанай рознакаляровымі ручнікамі сцэне, з’явілася вядучая мерапрыемства – Таццяна Аляксандраўна Цімошчанка, якая  адкрыла гэтае цудоўнае свята:


Акружана прыгожымі лясамі
На беразе ракі стаіць
Куток наш родны – вёска Рамязы…


Далей яна расказала, што з роднаю вёскаю звязана многа знамянальных падзей. І даніну памяці, павагі і ўдзячнасці трэба аддаць  нашым дзядам і бацькам.


Выступленне настаўніцы гісторыі Рамязоўскай школы Людмілы Фадзееўны Трошка было прысвечана гістарычным фактам і звесткам з гісторыі роднай вёскі.


З прыгожымі словамі віншавання выступіла дырэктар школы В.У. Шэцка. Песня «Как не любить мне эту землю» з’явілася прыемным падарункам усім, хто звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, з зямлёй.


Успомніла вядучая свята і той факт, што гэтаму светламу дню мы абавязаны тым, хто, не шкадуючы свайго жыцця, абараняў Радзіму ад фашызму.


Пранікнёныя трагізмам гучалі словы: «Дарагую цану заплацілі жыхары вёскі Рамязы за Перамогу. З фронту не вярнуліся каля 85-ці аднасяльчан. За перыяд акупацыі гітлераўцы расстралялі і спалілі 84 жыхары вёскі Рамязы, у тым ліку 24 дзіцяці. Некаторыя рамязоўцы былі гвалтам вывезены ў Германію. Адзін з іх – Васіль Мікалаевіч Ільюк – пражывае ў сваёй роднай вёсцы».


Далей прагучаў верш, які прысвячаўся самым маленькім жыхарам Рамязоў – немаўлятам. На сцэну запрасілі маладую сям’ю Цайца Аляксандра і Таццяну, у якіх нядаўна нарадзілася дзіцятка. Песня «Носікі-курносікі» непасрэдна даравалася ім.


Ушанавалі і паважаных карэнных жыхароў вёскі, у іх гонар выказвалі-ся віншаванні і гучалі народныя песні. Гэта старажылку вёскі – Вольгу Рыгораўну Пугач, якой ужо споўніўся 91 год, і маці-гераіню – Валянціну Мікалаену Сіўчук, якая разам са сваім мужам Мікалаем Паўлавічам вырасціла сямёра дзяцей: 6 сыноў і адну дачку. Віншавалі на сцэне і маладую сям’ю, якая ў гэтым годзе апошняй зарэгістравала свой шлюб, – Яўгена Анатольевіча і Наталлю Аляксандраўну Сыч. Гэтай сям’і таксама зычылі ўсяго найлепшага.


Для падвядзення вынікаў у намінацыі «Лепшае падвор’е» на сцэну падняўся старшыня сельскага Савета М.А. Любін і павіншаваў пераможцаў – Рыгора Сяргеевіча Рагозенка і Марыю Якаўлеўну Цык.


Зачыталі і ўручылі пісьмы-падзякі ад Ельскага аддзела культуры, адрасаваныя актыўным удзельнікам самадзейнасці: Любові Сцяпанаўне Пашко, Марыі Лук’янаўне Сыч, Міхаілу Сямёнавічу Шэцка, Івану Мацвеевічу Трошка.


На развітанне вядучая Т.А. Цімошчанка давала ўсім наказ: «Не забывайце сваю родную вёску, сваіх вытокаў, каб не загінула спадчына, якая пачыналася з гэтых мясцін, з гэтых вуліц, з гэтых хат. Свята наша працягваецца. Вас чакаюць гульні, конкурсы і танцы. Яшчэ раз усіх вас са святам! Няхай яно будзе працягвацца ў кожным доме».


А пасля адбыўся цудоўны канцэрт вакальнага ансамбля Качышчанскага ЦКіД «Сударушка».


М. Ільюк.
На здымку: моманты свята Дня вёскі.
Фота Т. Дудкоўскай. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *