Бохан хлеба для любых бацькоў

Общество

Усе ў нашым Млынку добра ведаюць і паважаюць сям’ю Ануфрыенка, якая выхавала пяцярых дзяцей.


Жыццё і лёс Пятра Мікалаевіча і Яўгеніі Рыгораўны на працягу многіх гадоў былі напоўнены шматлікімі падзеямі: і момантамі радасці, і часамі цяжкіх выпрабаванняў. Праз усё сваё жыццё яны пранеслі павагу, дабрыню, душэўную шчодрасць, веру, надзею і любоў. Іх дзяцінства, як і дзяцінства ўсіх народжаных у 30-я гады XX-га веку, апаліла вайна.



Пятро Мікалаевіч нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Завайць Нараўлянскага раёна. Калі пачалася вайна і бацька пайшоў на фронт, клопат аб малодшых братах лёг на яго плечы. Ён мужна перанёс усе ўдары лёсу. Разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі перажыў страшныя ваенныя і пасляваенныя гады, пры гэтым змог зберагчы добрае адкрытае сэрца, здольнасць любіць і спачуваць.


Яўгенія Рыгораўна – сірата вайны. У кнігу “Памяць” яе бацька занесены як знікшы без звестак у студзені 1944 года.


Хоць Жэня была зусім малым дзіцём, яна добра памятае ўсе страшныя падзеі ваеннага часу. Ратуючыся ад фашыстаў, людзі пакідалі свае хаты, хаваліся ў лесе, будавалі курані, гінулі пад бамбёжкамі. Калі прыйшло вызваленне, радасці і лікаванню не было межаў.


Адразу пасля вайны пачалася вучоба ў школе. Першы дзень заняткаў праходзіў у доме маці Яўгеніі. Сярод вучняў былі і такія, якім было па пятнаццаць гадоў. Чарніла рабілі з іржавых цвікоў. Іх настойвалі на адвары дубовай кары.


Пятро пасля вучобы ў школе механізацыі сельскай гаспадаркі ў шаснаццаць гадоў пайшоў працаваць трактарыстам. У Палаўках адбылося яго знаёмства з Яўгеніяй, і ў 1956 годзе яны пажаніліся. Праз нейкі час маладога мужа прызвалі ў армію.


У 1957 годзе нарадзіўся іх першы сын Мікалай, у 1960 – дачка Людміла, у 1964 – сын Сяргей, дачка Наталля – у 1971 годзе і самая малодшая Алена – у 1975 годзе.


Усе дзеці атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю. Траіх старэйшых дзяцей лёс закінуў далёка ад родных мясцін. Мікалай з сям’ёй жыве ў горадзе Тында Амурскай вобласці, працуе наладчыкам на Байкала-Амурскай магістралі, мае траіх дзяцей.


Людміла і Сяргей з сем’ямі жывуць на краі свету – у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, у горадзе Лабытнанга (у перакладзе з мясцовага “Сем лістоўніц”). Сяргей адкрыў сваю справу, у яго двое дзяцей (дачка Юлія прафесійна займаецца біятлонам, з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных спартыўных спаборніцтваў, мае высокія ўзнагароды). У дачкі Людмілы трое дзяцей і ўжо чатыры ўнука.


Дачка Наталля –  адзіная з дзяцей, якая жыве ў Млынку, недалёка ад бацькоўскай хаты. Яна скончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт і працуе настаўніцай малодшых класаў у Санюкоўскай САШ. Яна выхоўвае дзвюх дачок (старэйшая дачка Насця – студэнтка 2-га курса БелДУТа, малодшая Каця – вучаніца  Санюкоўскай САШ, актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Млыноцкага КСЦ).
Шмат гадоў у сям’і Наталлі існуе добрая традыцыя: кожны год, 1 верасня, перад тым, як ісці на святочную лінейку, прысвечаную першаму званку, наведваць бацькоў, якія жадаюць ёй і яе дзецям паспяховай работы і вучобы, творчага натхнення. 


Самая малодшая дачка Алена жыве і працуе медыцынскай сястрой у раённай бальніцы г. Нароўля. Мае двух сыноў. Малодшага ў гонар дзеда назвалі Пятром. 


Сямейная пара Ануфрыенка пражыла разам 54 гады, вырасціла і выхавала пяцярых дзяцей, якія сталі іх сапраўднай падтрымкай і апорай, крыніцай радасці і вялікага чалавечага шчасця. Яны зрабілі ўсё, каб дзеці выраслі працавітымі, чэснымі, добрымі людзьмі, з павагай бы адносіліся да старэйшых, да працы. На жаль, Пятро Мікалаевіч у красавіку 2010 года пайшоў з жыцця… Але памяць аб ім назаўжды будзе жыць у яго дзецях, унуках і праўнуках.
Пяцёра дзяцей, дванаццаць унукаў і чатыры праўнукі зблізку і здалёку з’язджаюцца і злятаюцца ў бацькоўскую хату, да любай маці і бабулі. І з якога б далёка дзеці ні ехалі ў родную хату, па даўняй традыцыі гэтай сям’і яны абавязкова прывозяць бохан хлеба. Зараз ужо і ўнукі падхапілі гэты добры звычай. Яўгенія Рыгораўна  заўсёды чакае сваіх родных дзетак, любімых унукаў і праўнукаў.


Наталля Неўмяржыцкая.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *