Жніво ў асобах


Прэтэндэнтамі на званне лепшых хлебаробаў у раёне з’яўляюцца механізатары КСУП «Ельскае Палессе» – экіпаж камбайнераў Прышчэп Сяргея і Прышчэп Яўгена, якія камбайнам КЗС-1218 намалацілі 872 тоны збожжа, і вадзіцель Кошаль Алег, які на аўтамабілі ГАЗ-53 перавёз ужо тысячу тон зерня.


Экіпаж братоў Прышчэпаў працуе на ўборцы ўраджаю ўжо больш за пяць гадоў. І кожны год Сяргей Васільевіч, старшы камбайнер, і Яўген Васільевіч, малодшы камбайнер, паказваюць выдатныя рэзультаты, з’яўляюцца прыкладам для іншых. «Працаваць кожны дзень з ранку да вечара мы можам, – расказвае Яўген Васільевіч, малодшы камбайнер экіпажа, ён жа і галоўны інжынер гаспадаркі. – Перажываем толькі, што дажджы ідуць, не дазваляюць скончыць уборку. На палях вады многа, зерне вільготнае, абмалочваецца дрэнна. А мы працаваць стараемся, тэхніка не падводзіць. Галоўнае – падрыхтаваць камбайн як належыць, а далей ён сам працаваць будзе».


Брат Яўгена Васільевіча Сяргей, старшы камбайнер, жыве ў Ельску, працуе на чыгунцы. Але кожнае жніво працуе на камбайне ў КСУП «Ельскае Палессе». Трэці сезон браты шчыруюць на КЗС-1218, да гэтага працавалі на КЗС-10К. Вопытнасць і стараннасць камбайнераў, зладжанасць у рабоце дазваляюць ім быць лепшым экіпажам як у КСУП «Ельскае Палессе», так і ў раёне.


Лепшым жа вадзіцелем ужо каторы год запар на ўборцы зерневых з’яўляецца Алег Кошаль, які больш за 30 гадоў адданай працы вадзіцелем у гаспадарцы на верным сваім памочніку–аўтамабілі ГАЗ-53 перавёз безліч тон зерня. Вопытнасць і працалюбства Алега Васільевіча – галоўны залог яго поспехаў, пастаяннага лідэрства ва ўборачных кампаніях.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *