Жыць чэсна і справядліва


 Мікалаю Міхайлавічу Засінцу, які жыве ў вёсцы Славечна, больш за восемдзесят. Нягледзячы на даволі мудры ўзрост, Мікалай Міхайлавіч цудоўна памятае не толькі поўныя даты ўсіх падзей у яго жыцці, але і імёны і прозвішчы ўсіх людзей, з якімі ён сустракаўся. Сённяшняму пакаленню трэба прыкладаць многа намаганняў, каб так развіць сваю памяць.


Жыве Мікалай Міхайлавіч адзін у прыгожым светлым доме. Усюды чысценька і акуратненька, усюды адчуваецца гаспадарская рука. Нялёгка, канешне, пажылому чалавеку аднаму (гаспадыні не стала ў 2004 годзе), здароўе ўжо слабае. Але ж падтрымка і ўвага дзяцей надаюць яму сіл і бадзёрасці.


Нарадзіўся Мікалай Міхайлавіч у вёсцы Захаркі. У сям’і, акрамя яго, былі яшчэ брат Іван і сястра Каця. Сям’я жыла, як і ўсе сем’і ў той час: бацькі працавалі ў калгасе, дзяцей змалку прывучылі да работы. Не абышла бокам іх і вайна. Бацька ўсю вайну прайшоў, да апошняга дня, і дэмабілізаваўся дадому толькі ў 1946 годзе. Неаднойчы ён распавядаў дзецям пра гады ваеннага ліхалецця, пра краіны, дзе ён ваяваў, іх звычаі і асаблівасці.


У семнаццаць гадоў прызвалі ў армію і Мікалая Міхайлавіча. Спачатку яго чакала паўгадовая служба ў Слуцкім снайперскім вучылішчы. Уражанні ад таго часу ўрэзаліся назаўжды ў памяць: нары, дашчатыя баракі, мокрыя парцянкі, якія сушылі, раскладваючы пад сабой, тры разы злазі-ла скура на руках… Затым была служба ў Гродна, якая працягвалася больш за шэсць гадоў. Як не хацела начальства адпускаць Мікалая Міхайлавіча дадому, ён усё ж такі настаяў на сваім і вярнуўся на радзіму.


Пасля дэмабілізацыі ён ўладкаваўся на працу ў ваенны лес-прамгас № 4, які на той час размяшчаўся ў Славечна. Спачатку быў накіраваны на работу майстрам у Карму, потым у кантору леспрамгаса бухгалтарам. (Да вайны Мікалай Засінец скончыў 7 класаў Скараднянскай школы).
Бухгалтарам у канторы працавала і яго жонка Аляксандра Максімаўна. З ёю яны разам пражылі больш за пяцьдзесят гадоў, выхавалі траіх дзяцей: сыноў Уладзімі-ра і Міхаіла і дачку Антаніну.


За плячыма ў Мікалая Міхайлавіча праца бухгалтарам і ў Мазыры, у вайсковай часці, і ў Славечна ў сельпо, і рэвізорам у Ельскім райпо.


Праца заўжды патрабавала многа сіл, пастаяннай уважлівасці і дакладнасці. Усімі гэтымі якасцямі валодаў і валодае цяпер Мікалай Засінец. Мікалая Міхайлавіча паважаюць у вёсцы, шануюць і клапоцяцца пра яго дзеці. З гаспадаркі цяпер у яго толькі два каты. Дзеці садзяць агарод, дзе вырошчваюць усё неабходнае. Часцей за ўсіх наведваецца дачка Антаніна, ды і жыве яна бліжэй за сыноў – у Ельску.


– Галоўнае ў жыцці, – падводзіць вынік нашай размовы Мікалай Міхайлавіч, – жыць чэсна і справядліва. Тады і паважаць людзі будуць.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *