Адчуць смак заціркі


Тыдзень дзіцячай кнігі прайшоў нядаўна ў Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Мноства цікавых мерапрыемстваў правялі настаўнікі і выхавацелі, дарэчы, вучні школы прынялі ў іх самы непасрэдны ўдзел.


Творчыя здольнасці праявілі вучні 7 класа пры інсцэніроўцы апавядання Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі», дзеянне якой праходзіла ў школьным этнаграфічным музеі. Дзеці нібыта папалі ў дарэвалюцыйны час, далучыліся да самабытнай культуры тагачасных беларусаў, быццам бы трапілі ў простую сялянскую сям’ю, паспрабавалі і  адчулі смак звычайнай заціркі. 


А як цікава прайшло прадстаўленне «Свята кнігі»! На гэта свята былі запрошаны вучні, выхавацелі і настаўнікі школы. Вядомыя  персанажы  Ліса Аліса, Бураціна, Баба Яга, Мальвіна і Каралева Кніга дапамаглі дзецям пабываць у цудоўным і незвычайным свеце казак. З захапленнем школьнікі разгадвалі загадкі, актыўна ўдзельнічалі ў віктарынах і конкурсах па старонках любімых твораў.


Настаўнікі дапаможнай школы-інтэрната ў час правядзення тыдня дзіцячай кнігі не маглі абысці такую значную падзею, як святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння беларускіх народных пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Творчасці гэтых песняроў былі прысвечаны адкрытыя ўрокі.


«Нашы дзеці любяць чытаць, яны з задавальненнем прыходзяць у бібліятэку,     удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах», – адзначыла бібліятэкар школьнай бібліятэкі Святлана Рэут.


Таццяна Петрухно


На здымку: Святлана Рэут з юнымі чытачамі бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *