Каб з парога – на зямлю адразу


У вёсцы Калінавае (раней – Воўчае) Качышчанскага сельскага Савета сёння жыве 7 чалавек: пяцёра пенсіянераў і двое маладзейшых мужчын. Аўталаўка бывае ў гэтым кутку двойчы ў тыдзень – у аўторак і пятніцу. Спыніцца яна можа каля кожнай жылой хаты, але ў асноўным калінаўцы збіраюцца ў «цэнтр» – да хаты Галіны Фяськовай.


Галіна Рыгораўна жыве ў хаце разам з сынам Сяргеем. Гаспадыня – энергічная, вясёлая і прыветная жанчына, якая не скардзіцца на жыццё, а з аптымізмам глядзіць наперад.


– Вёска наша апусцела сама па сабе, ніхто яе нікуды не высяляў, – распавядала Галіна Фяськова. – Старыя паўміралі, а маладыя не засталіся тут. Вось і пуста ў Воўчым стала. Раней жа вясёлая вёска была, магазін і лазня працавалі, ферма адна з лепшых была.


Дарэчы, на гэтай ферме жанчына і працавала. Усё працоўнае жыццё яе было звязана з калгасам: палявод паляводчай брыгады, даглядчыца цялят, асемянатар, загадчыца фермы. Пасля – заслужаны адпачынак. Як і заведзена ў любой вёсцы, без гаспадаркі вясковая сям’я абысціся не можа. Разам з мужам Уладзімірам Фёдаравічам (яго ўжо няма дзявяты год) трымалі карову, свіней, каня. Каня Галіна Рыгораўна і з сынам увесь час трымалі, ды месяц назад загінула жывёла. Гаспадыня бядуе: як жа вясною агароды абрабіць і пасеяць цяпер? Адно спадзяванне на суседа ў вёсцы: толькі ў яго яшчэ конік ёсць.


Па стану здароўя Галіна Рыгораўна Фяськова ўжо не можа, як у маладосці, працаваць на поўную сілу, але яна – прыроджаны лідар, які ўмее вакол сябе згуртаваць людзей, навучыць іх рознаму. Так, яна прывучыла да сялянскай працы сваіх унукаў – гарадскіх хлопцаў, якія разам са сваёй маці, дачкой Галіны Рыгораўны, жывуць у Мазыры. Тым не менш, у Калінавым яны пастаянныя, чаканыя госці. Без іх дапамогі проста не абысціся. Яны і араць умеюць, і касіць, і дровы рэзаць, і калоць…


Аўталаўка жыхароў вёскі не пакідае без прадуктаў і тавараў паўсядзённага попыту. Калі нешта іншае трэба, дзеці прывозяць. (Галіне Фяськовай дачка з Мазыра і лекі прывязе, і гасцінцы розныя). Праўда, у Калінавым тэлефонаў малавата – усяго два на вёску, аўтобусы наогул у вёску не заходзяць… Але з гэтымі ўсімі момантамі людзі звыкліся і жывуць у роднай вёсцы.


– Я дык адсюль ніколі не збіралася з’язджаць і нікуды не паеду да канца. Прывыкла за 45 гадоў (замуж з Кузьміч сюды пайшла). Баяцца ў вёсцы мне няма чаго: увечары пазачыняем усё ды і сядзім сабе ў хаце. Улетку ж весела, як у горадзе! Сын мне ў двары многа лавак нарабіў. Калі цёпла, сяджу на іх, любуюся наваколлем. У Ельску ў нас і кватэра ёсць, але не магу я ў «шпакоўнях» тых жыць! Мне трэба, каб з парога – і на зямлю адразу! Я нікому тут не перашкаджаю, і мне ніхто не перашкаджае. Дзе ж яшчэ так можна жыць, як не ў любай вёсцы?!


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *