Захавальніца ведаў


Два дзясяткі гадоў працуе ў Качышчанскай бібліятэцы Галіна Прэпяліцэ. За гэты час кожная кніжка і кожны часопіс не аднойчы пабывалі ў руках Галіны Рыгораўны і сталі для яе сапраўднымі сябрамі. Нядаўна мы сустрэліся з бібліятэкаркай і пагаварылі пра яе кніжнае царства.


– Галіна Рыгораўна, ці згодны Вы са сцверджаннем, што прафесія бібліятэкара – самая спакойная: можна цэлы дзень чытаць кнігі, абслугоўваючы рэдкіх наведвальнікаў?..


– Катэгарычна не згодная. Вы ведаеце, колькі сучаснаму бібліятэкару трэба ўсяго зрабіць? Неабходна арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы, насіць літаратуру і перыядычны друк людзям дадому, асабліва адзінокім і нямоглым, пенсіянерам, рабіць разнастайныя кніжныя выставы і многа-многа іншага. Акрамя гэтага, патрэбна абслугоўваць наведвальнікаў, дапамагчы знайсці патрэбную літаратуру, параіць нешта пры выбары мастацкай літаратуры.


– Хто звычайна да вас прыходзіць у бібліятэку?


– Людзі ўсіх узростаў. Дзеці бяруць кнігі са школьнай праграмы, карыстаюцца метадычнай і даведачнай літаратурай пры напісанні рэфератаў. Трэба адзначыць, што ў бібліятэцы зараз вельмі многа такіх кніг: сучасныя энцыклапедычныя выданні, слоўнікі, тэматычная літаратура. Дарослыя чытаюць часопісы, дэтэктывы, так званыя жаночыя раманы. Яшчэ я заўважыла, што многія цікавяцца і беларускай літаратурай – чытаюць класіку і творы сучасных аўтараў.


– А што любіце чытаць асабіста Вы?


– Я ў захапленні ад беларускай літаратуры. Перачытваючы творы беларускіх класікаў, я многа адкрываю для сябе новага. Далідовіч, Караткевіч, Мележ, Колас, Багдановіч, Рублеўская… Працягваць гэты спіс можна бясконца. І ў кожнага з іх – свая адметнасць, свой светапогляд. Я нават прывучыла да беларускай літаратуры і сваю маці. Яна цяпер, акрамя твораў на роднай мове, нічога не чытае.


– За што Вам падабаецца Ваша прафесія?


– Я проста ўлюбёная ў сваю справу! Мне падабаецца быць побач з кнігамі, падабаецца быць сярод людзей, абмяркоўваць з імі прачытанае, падказваць ім нешта пры выбары кнігі.


– Вы – за кнігу ці за Інтэрнет?


– Адказ у мяне адназначны: ніякі Інтэрнет ніколі не заменіць людзям кнігу. Друкаваны твор не «завісне», не заразіцца вірусам. Кнігу заўжды можна ўзяць ў рукі і перачытаць. Кнігу да таго ж можна чытаць даволі доўга, не ўтамляючыся, чаго не скажаш пра сучасны камп’ютар.


– Многіх хвалюе важнае пытанне: як прывучыць дзяцей да кнігі? Чаму дзеці не чытаюць?


– Дзеці будуць чытаць толькі ў тым выпадку, калі будуць чытаць бацькі. Да кнігі дзяцей трэба прывучаць з маленства – да кнігі, а не да камп’ютара!


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *