Ветэраны – з любоўю да дзяцей

Общество

3 кожным пражытым днём  усё менш і менш становіцца сведкаў апошняй вайны – ветэранаў Вялікай Айчыннай. I кожны з іх імкнецца не проста жыць, а зрабіць як мага больш у справе патрыятычнага выхавання моладзі. Так, у дзень 67-й гадавіны з дня вялікай Перамогі да дзяцей ў Ельскую дапаможную школу-інтэрнат завіталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Цык Павел Іванавіч і Бычкоўскі Павел Паўлавіч. Гэтыя паважаныя людзі вылучаюцца дабрынёй, любоўю да жыцця і да дзяцей.


Ветэраны падзяліліся з вучнямі сваімі ўспамінамі пра ліхалецці вайны, пра гора і разбурэнне, якія яна прынесла людзям. Павел Іванавіч расказаў, што да вайны вуліц Якуба Коласа, Някрасава, Пушкіна, Мацюшэнка, «Бабаедаўскага пасёлка» і мікрараёна 50 год СССР наогул не было. Да малочнага завода можна было даехаць  толькі гусенічным трактарам. На месцы школы-інтэрната была бальніца, якая потым згарэла. Памяшканне міліцыі і іншыя адміністратыўныя ўстановы знаходзіліся на цяперашняй вуліцы Камарова. А ў першыя дні вайны тут размясціліся ўстановы акупантаў, дзе ў асноўным панавалі мадзяры і паліцаі.



Успаміны, успаміны…. Пытанні, пытанні… А ці будуць знойдзены адказы? Ці будзе створана гісторыя малой радзімы кожнага з нас?  Такія думкі ўзніклі пасля выступлення Паўла Іванавіча перад дзецьмі і дарослымі.



Павел Паўлавіч – гэта чалавек, які за свае пражытыя 90 гадоў пабачыў і перажыў шмат чаго. Але ж, выступаючы перад дзецьмі,  ён хацеў сказаць штосьці новае, тое, аб чым яшчэ не распавядаў. I ён пачаў чытаць вершы аб вайне. Патрэбна было ў гэты час бачыць выраз ягонага твару – узрушанасць, рашучасць, узнёсласць… З такімі людзьмі нельга было не перамагчы.



Я слухаў выступленні ветэранаў Паўла Паўлавіча і Паўла Іванавіча  і думаў: якой сілай патрыятычнага духу, якой мужнасцю павінен валодаць чалавек, каб быць партызанам, ваяваць у варожым акружэнні, а потым змагацца з ворагам на фронце? Адкуль у гэтых людзей фізічныя і маральныя сілы, каб прайсці ўсе выпрабаванні, якія выпалі на іх долю ў пасляваенныя гады? Як яны захавалі веру ў сваю краіну, людзей, не страцілі надзею на лепшую будучыню? I знаходзіў адзін адказ: у іх патрыятызме, сумленных адносінах да жыцця і людзей.



Вучні школы-інтэрната ўручылі ветэранам кветкі, пажадалі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.


Якаў Ліпскі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *