Агнявыя кропкі вайны

Общество

Вайна з фашысцкай Германіяй была непазбежнай, лічыла кіраўніцтва СССР. Таму падрыхтоўка да яе пачалася загадзя. «Лінія Сталіна» уяўляла сабою адзін з буйнейшых абарончых праектаў, якія калі-небудзь існавалі ў гісторыі чалавецтва. Яна складалася з шэрагу ўмацавальных раёнаў уздоўж заходняй мяжы СССР, практычна «ад мора да мора». Агульная працягласць умацаванняў дасягала 1200 км.


Будаўніцтва ўмацаванняў на «Лініі Сталіна» працягвалася з 1928 да 1939 года. «Лінія» ўключала ў сябе 23 умацавальныя раёны, у якіх было пабудавана больш за 4000 розных доўгачасовых агнявых кропак (ДАКаў), разлічаных на ўстаноўку не толькі кулямётаў, але і артылерыйскіх гармат. На тэрыторыі Беларусі былі пабудаваны 4 умацавальныя раёны – Полацкі, Мінскі, Слуцкі і Мазырскі, у якіх налічвалася 966 ДАКаў.


Жалезабетонныя сцены ДАКаў мелі таўшчыню да 1,5 м, а перакрыцці – да 1,1 м і маглі вытрымаць пападанне цяжкіх артылерыйскіх снарадаў. Кожны ДАК быў аснашчаны газавым фільтрам-паглынальні-кам, вентылятарам для адвядзення з ДАКа парахавых газаў і прытоку свежага паветра, перыскопам, электрасігналізацыяй, перагаворнымі трубамі, а таксама тэлефоннай сувяззю. Паколькі ДАКі валодалі магчымасцю прыкрываць адзін аднаго агнём, адлегласць між імі звычайна складала 500–600 метраў.


Частка Мазырскага ўмацавальнага раёна праходзіла і па тэрыторыі Ельшчыны – у асноўным па тэрыторыі сучаснага Валаўскага сельскага Савета. Так, у наваколлі вёскі Валаўск зараз налічваецца больш за дзесяць доўгачасовых агнявых кропак. Усе яны захаваліся вельмі добра, ёсць толькі нязначныя пашкоджанні і разбурэнні. Для мясцовых жыхароў гэтыя своеасаблівыя напаміны пра вайну – «кропкі» – вельмі звыклая з’ява, а для нашай гісторыі – яшчэ не да канца прачытаная старонка.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *