Сэр сыр, спадарства, або «Сырны двор» у Старым Высокім


Такой цікавай і вельмі выгаднай справай, як сыраварэнне, займаецца ў вёсцы Старое Высокае Наталля Заерка. Жанчына пераехала сюды, на радзіму продкаў, у 2007 годзе з Краснадарскага краю. Усё сваё дзяцінства яна правяла ў Старым Высокім і ўвесь час марыла пра тое, каб вярнуцца ў Беларусь.


У Расіі сям’я Наталлі Заерка трымала вялікую гаспадарку, у першую чаргу – некалькі кароў. Там жанчына засвоіла ўсе сакрэты сыраварэння, пашырыла разнастайнасць асартыменту. З гэтым багажом яна і прыехала ў Старое Высокае, дзе працягвае лепшыя, так званыя, сырныя традыцыі.


– Сыраварэнне – адзін з галоўных маіх заняткаў, – расказала Наталля Уладзіміраўна. – Клопатаў з варэннем дамашняга сыру, канешне ж, шмат, але затраты і часу, і прадуктаў добра апраўдваюцца. У мяне ёсць многа кліентаў, жадаючых купіць сыр, і практычна няма канкурэнтаў. Увесь час імкнуся асвоіць выраб новых відаў дамашняга сыру, а зараз добра атрымліваюцца такія гатункі, як сулугуні, брынза, джыл і інш.


Каб паспяхова займацца сыраварэннем, Наталля Заерка з мужам Сяргеем трымаюць трох рагуль. Але гэта не мяжа. Гаспадыня марыць пра тое, што ўвосень яны купяць яшчэ дзве каровы.


Работы ў такой немалой гаспадарцы, зразумела, вельмі многа. Каровам трэба сена на ўсю зіму назапасіць, дагледзець іх як след. І на працу ў КСУП «Ельскае Палессе» яшчэ спяшаюцца Сяргей і Наталля Заерка (муж працуе пастухом, а жонка – цялятніцай). Асноўнай жа ўвагі патрабуе немалая сям’я. Хлопцы-двайняты Дзіма і Дзяніс перайшлі ў 9 клас, абодва стараюцца бацькам дапамагчы з гаспадаркай. А малодшы, трохгадовы Даніл, толькі-толькі ў дзіцячы садок стаў хадзіць.


Праўда, гаспадары на цяжкасці ніколі не скардзяцца. Яны добра ведаюць, што ў вёсцы трэба працаваць, каб жыць у дастатку.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *