Святая Троіца

Религия

Свята Троіца па сваім царкоўным статусе знаходзіцца на другім месцы пасля Вялікадня. Яно мае яшчэ некалькі назваў, якія дакладна тлумачаць час святкавання і яго змест згодна з гістарычнымі падзеямі.


Другая назва свята – Сёмуха. Ужо ў самой назве гэтага свята закладзена сістэма пасхальнага часа-злічэння: святкаванне Масленіцы заканчвалася за сем тыдняў да Вялікадня, а святкаванне Сёмухі пачыналася на сёмым тыдні пасля яго. Сямік, які прыпадаў на сёмы чацвер пасля Вялікадня, быў вызначаны як першы святочны дзень у гэтым складаным рытуальна-абрадавым комплексе.


Святкаванне Тройцы распачыналася маркіраваннем свету жывых дрэвам-татэмам. Напярэдадні Сёміка, у суботу перад Троіцай, а таксама на саму Троіцу раніцай хлопцы і маладыя мужчыны хадзілі ў лес, каб выбраць і прынесці зялёнае аздабленне, якое адпавядала мясцовай традыцыі. У адным выпадку бярозкі ссякалі, у другім – выдзі-ралі з коранем, у трэцім – ламалі самыя доўгія галінкі. Тым часам дзяўчаты збіралі лекавыя травы і кветкі. Усю зеляніну, якую прыносілі ў вёску, каб упрыгожыць вуліцы, храмы, падворкі і хаты, каб разаслаць на падлозе, амаль паўсюль называлі «маем», магчыма, па назве месяца, да якога часцей за ўсё прыпадала правядзенне вялікага свята.


Аздабленне вёскі зелянінай пачыналася з сакральных месцаў, з цягам часу імі сталі мясцовыя цэрквы, капліцы або прыдарожныя крыжы. У цэрквах бярозкамі ўпрыгожвалі не толькі ўваход, але і перадалтарную прастору храма: ставілі каля іканастаса па адной каля кожнага абраза, з абодвух бакоў алтара, зелянінай апаясвалі храм па ўсім перыметры, нарэшце, дрэўцы ставілі па абодва бакі дарогі да храма.


Пасля гэтага пачыналася аздабленне самой вёскі. У асобных этнаграфічных апісаннях ёсць звесткі аб тым, што на некаторых вуліцах часова ўтвараліся сапраўдныя бярозавыя «алеі». Аднак найбольшая ўвага надавалася аздабленню сялянскіх падворкаў і хат.


Зялёныя галінкі ўторквалі ў вушакі ці шулы варотаў ад вуліцы (над брамай), варотаў на гаспадарчы двор, у дзверы хлява і г.д. А таксама пад абедзве страхі хаты. Ужо непасрэдна ў хаце ўпрыгожвалі ўсе асноўныя рытуальныя зоны: над уваходам у сенцы, у хату, клалі каля абразоў, часам абвіваючы іх вянком, на комін, уторквалі ў адтуліну юшкі, пад бэлькі, а таксама ў шчыліны бярвенняў каля кожнага акна.


Яна ІВАНОВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *