Запасы кармоў папаўняюцца

Сельское хозяйство

Аб’ёмы нарыхтоўкі сена і сенажу з траў першага ўкосу на Ельшчыне перавышаюць мінулагоднія. Гэта адзін з прамежкавых вынікаў першага этапу сёлетняй корманарыхтоўчай кампаніі.


У раёне ў гэтым годзе травастой даволі добры, таму магчымасці нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў высокай якасці ёсць у кожнай гаспадарцы. Работу корманарыхтоўчага канвеера ў апошнія дні стрымліваюць дажджы, якія не дазваляюць хутка правяльваць і сушыць скошаныя травы. Тым не менш, запасы папаўняюцца што-дзень.


На раніцу 14 чэрвеня сельсгаспрадпрыемствы Ельскага раёна нарыхтавалі 2025 тон сена і 16097 тон сенажу. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы ўжо налічваецца 2,89 цэнтнера кармавых адзінак (у мінулым годзе на гэты дзень было 2,65 ц.) Усяго ў раёне запланавана нарыхтаваць 11786 тон сена з траў першага ўкосу і 29423 тоны сенажу.


Аграрыі Ельшчыны асабліва разлічваюць на высокую якасць сенажу, таму асаблівую ўвагу надаюць захаванню тэхналогіі закладкі зялёнай масы. Важнасць захавання тэхналогіі падкрэслівае і галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Гуд:


– Сянаж – корм, нарыхтаваны з правяленых да 50–55% вільготнасці траў. Кансервіруючыя фактары сенажу – фізіялагічная сухасць масы і анаэробныя (без доступу кіслароду) ўмовы захоўвання. Таму так важна весці трамбоўку масы бесперапынна на працягу ад 3 (для траншэі ёмкасцю 500 тон) да 5 дзён (больш за 500 т), максімальна выціскаючы з масы кісларод. Пры гэтым рэзка зніжаецца або спыняецца жыццядзейнасць бактэрый і плесневых грыбоў, таму ў сенажы менш утвараецца арганічных кіслот і застаецца больш цукру, а значыць, ён набывае больш высокую пажыўную каштоўнасць і засваяльнасць.


Шчыльнасць трамбоўкі залежыць не толькі ад вільготнасці і ступені здрабнення масы (да 5 см), але і тэхнікі, занятай на трамбоўцы. Весці яе неабходна цяжкімі калёснымі трактарамі з максімальным ціскам унутры шын.


Зараз усе гаспадаркі раёна актыўна вядуць нарыхтоўку сенажу для жывёлы.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *