Экскурсія ў рэдакцыю «раёнкі»


На базе Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працуе лагер дзённага знаходжання для дзяцей і падлеткаў – вучняў гардскіх школ.


Па словах метадыста цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Раісы Кніга,у лагеры падлеткі праводзяць вольны час вельмі цікава і карысна. Так, бываюць на разнастайных экскурсіях і ходзяць у паходы. У аўторак, напрыклад, наведалі Храм святой Жываначальнай Троіцы ў Ельску, пагутарылі з настаяцелем Георгіем.


Таксама дзеці завіталі ў рэдакцыю раённай газеты «Народны голас». Галоўны рэдактар Таццяна Петрухно расказала гасцям, як ствараецца газета: хто і як піша матэрыялы, як робіцца вёрстка «раёнкі», як запісваюцца радыёперадачы.


Асаблівую цікавасць наведвальнікаў выклікала і работа раённага радыё. Рэдактар радыёвяшчання Васіль Сакула нават прапанаваў жадаючым запісацца ў радыёэфіры.


– Спадзяёмся, што праз некалькі гадоў некаторыя з вас, хто зацікавіўся газетнай справай, прыйдуць ў рэдакцыю не звычайнымі назіральнікамі, а супрацоўнікамі. Мы будзем толькі рады! – сказала ў канцы сустрэчы са школьнікамі Таццяна Петрухно.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *