Казлоўскія бабулі суперстар!


Толькі так хочацца назваць нашых зямлячак, якія жывуць у аддаленай ад райцэнтра вёсцы Казлы, амаль на мяжы з Жытоміршчынай, і якія сваёй самабытнай творчасцю занялі дастойнае месца ў палескай культуры. Нядаўна мы праведалі казлоўскіх бабуль – удзель-ніц аўтэнтычнага фальклорнага гурта, пацікавіліся іх днём сённяшнім.


Соф’я Іванаўна Шаціла сардэчна сустрэла нас і з задавальненнем расказала пра сваіх жанчын:
– Мала нас зараз спявае, але тым не менш сустракаемся некалькі разоў на тыдзень у клубе: і пагамонім, і паспяваем. Усе ж удзельніцы калектыву  сталага ўзросту, здароўе многіх падводзіць. Вось, наша Марыя Хамутоўская пакуль у сына ў Гомелі, пасля  інсульту памаленьку папраўляецца. Вельмі ж хоча дадому прыехаць. Кажа, я калі не спяваць, дык танцаваць каля вас буду.  Другая Марыя – Марыя Козел – нядаўна гаспадара свайго і брата пахавала, не спявае пакуль. Яшчэ ў дзвюх жанчын – здароўе зусім слабое. Праўда, да нас астатніх далучылася Надзея Козел.



Як бы жыццё не выпрабоўвала нас, стараемся не паддавацца бедам, жыць з песнямі. Вось нядаўна адзначылі Дзень вёскі. Нашы старажылы падлічылі, што сёлета вёсцы Казлы 200 гадоў споўнілася. Многа гасцей было.



Цікаўлюся ў Соф’і Іванаўны, ці сачылі яны за выступленнем сваіх «калег» – буранаўскіх бабуль з Расіі – на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне 2012». У адказ чую:
– А як жа! Гэта ж трэба, каб на англійскай мове песні так ладна спявалі! І далёка ж паехалі. Адну ж з іх дзед на рэпетыцыі ўсё не пускаў, чытала я. А яна маладзец: кажа, у магазін пайду, а сама – на спеўкі ў клуб! – смяецца Соф’я Іванаўна.



Усе жанчыны з Казлоў шчыра парадаваліся за расіянак, калі тыя паспяхова выступілі і занялі другое месца. Але і самі сцвярджаюць, што таксама маглі б паспрабаваць, як тыя, з Буранава. У казлоўскіх бабуль таксама вялікі вопыт за плячыма: тройчы ў сталіцы былі ў Інстытуце культуры і Акадэміі музыкі. Адзначаны дыпломам аргкамітэта міжнароднага сімпозіума «Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы». У 2010 годзе іх песні як нематэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць запісалі на дыск.



Пацікавілася я ў Соф’і Шаціла і яе суседкі, таксама ўдзельніцы фальклорнага гурта, Марыі Козел пра іх адносіны да сучаснай музыкі і танцаў. Па словах жанчын, прывабліваюць іх найбольш беларускія гурты і выканаўцы («Бяседа», Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская і інш.), а таксама Надзея Кадышава. Сярод сучасных артыстаў – Аляксандр Рыбак, Марына Дзявятава, Алена Ваенга, Мікалай Баскаў. А наконт танцаў Соф’я Іванаўна заўважыла:



– Раней жа, акрамя народных, «сем сорак» танцавалі, таксама трохі выкручваліся, як і цяпер. Сучасныя танцы, праўда, не ўсе, таксама падабаюцца. А яшчэ прыемна і тое, што сучасная моладзь пра «польку», «падыспан», «на рэчаньку» не забываецца, з задавальненнем іх танцуе.



Адметныя казлоўскія бабулі не толькі сваёй руплівасцю, гасціннасцю, працавітасцю і самабытнасцю, але і тым, што з аптымізмам успрымаюць сучаснае жыццё з усімі яго навінкамі. Так, мабільнымі тэлефонамі нашы суразмоўцы з лёгкасцю карыстаюцца, размаўляюць з дзецьмі, якія жывуць у суседняй Украіне.



Заўжды імкнуцца прыгожа выглядаць. Пільна сочаць за становішчам у краіне і свеце. Любяць глядзець канцэрты і серыялы, чытаюць шматлікія газеты і часопісы, вышываюць рушнікі і карціны. Акрамя ўсяго гэтага, трымаюць хатнія гаспадаркі, спяваюць і шчыра радуюцца кожнаму новаму дню. І ў гэтым – рэцэпт іх душэўнай маладосці.



Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *