Галоўнае – зацікавіць чалавека

Общество

У бібліятэцы Старавысокаўскага сельскага Дома культуры нядаўна пачала працаваць бібліятэкарам маладая дзяўчына Ганна Матузка (на здымку). Актыўная, нераўнадушная да кніг, неабыякавая да жыцця вяскоўцаў, Ганна Уладзіміраўна з вялікім жаданнем узялася за бібліятэчную справу.


У сельскай бібліятэцы, трэба адзначыць, даволі вялікі кніжны фонд. Пастаянна паступаюць новыя кнігі разнастайнай тэматыкі – гістарычная, класічная, дзіцячая, навукова-пазнавальная літаратура. Мастацкія творы беларускай, рускай і замежнай літаратур карыстаюцца шырокім попытам сярод мясцовага насельніцтва.


Дастаткова літаратуры і для школьнікаў. Вучні старэйшых класаў не толькі Старавысокаўскай школы, але і Зашырскай (у школе ў 10–11 класах займаюцца вучні  са Старога Высокага) могуць заўсёды знайсці патрэбныя матэрыялы для ўрокаў, рэфератаў і  дакладаў.


Асабліва многа ў бібліятэцы літаратуры для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, адзначае Ганна Матузка. Вялікія каляровыя кнігі з мноствам ілюстрацый, яркімі малюнкамі, цікавымі творамі прывабліваюць маленькіх чытачоў і іх бацькоў.


Акрамя кніг, у бібліятэку прыходзіць шмат часопісаў і газет. Імі звычайна цікавіцца дарослае насельніцтва вёскі. Не пустуе бібліятэка вечарамі, асабліва восеньскімі і зімовымі. Наведвальнікі з задавальненнем прыходзяць сюды, каб пазнаёміцца з перыядычнымі выданнямі або ўзяць кнігу для душы.


Пры сельскай бібліятэцы ўжо некалькі гадоў дзейнічае аматарскае аб’яднанне для дзяцей «Русалачка». Аб’яднанне мае экалагічную накіраванасць, ставіць сваёй мэтай далучыць дзяцей да свету прыроды, яго прыгажосці і зладжанасці. Бібліятэкарка патлумачыла, што ў час заняткаў аб’яднання дзеці з задавальненнем рыхтуюць мерапрыемствы экалагічнай тэматыкі (экалагічныя казкі, віктарыны), развучваюць гульні, майструюць розныя вырабы сваімі рукамі.


Галоўнае ў дзейнасці бібліятэкара, упэўнена Ганна Матузка, як і любога работніка культуры, зацікавіць чалавека, здзівіць, запаланіць яго сэрца нейкай карыснай і цікавай справай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *