Казлоўскія артысты ў Польшчы


14–15 лістапада ў Любліне (Польшча) прайшоў семінар «Песні балот – сучаснае ўяўленне традыцыйнай музыкі ў Польшчы і Беларусі». У рамках семінара адбыўся канцэрт «Песні балот. Музычныя традыцыі Палесся», удзел у якім прыняў фальклорны гурт вёскі Казлы Ельскага раёна.


У Польшчу на семінар былі запрошаны прадстаўнікі некаторых раёнаў беларускага Палесся – Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Адметнасці музычных традыцый беларускіх палешукоў, пра якія гаварылі ўдзельнікі семінара, былі ярка праілюстраваны выступленнем казлоўскіх артыстак – Соф’і Шаціла, Козел Марыі, Ляўкоўскай Валянціны, Сугак Півоніі і Козел Надзеі.


– Падарожжа ў Польшчу, – расказала кіраўнік гурта Соф’я Шаціла, – стала незабыўным для ўсіх нас. Мы з вялікім задавальненнем туды па-ехалі і вярнуліся поўныя добрых уражанняў. Люблін – вельмі прыгожы горад са старажытнымі дамамі і пабудовамі. Вакол – чысціня і прыгажосць.


У Польшчы нас добра сустрэлі, размясцілі ў гасцініцы з усімі выгодамі, паказалі горад. У першы дзень пасля семінара наш калектыў выступіў з канцэртам, у час якога мы праспявалі розныя абрадавыя песні – вяснянкі, жніўныя, вясельныя, а потым выканалі народныя песні. Трэба сказаць, што слухачы ў зале вельмі шчыра нам апладзіравалі, дзякавалі за песні.


На наступны дзень прайшлі  выступленні польскіх калектываў, іх фальклор нам таксама вельмі спадабаўся. Пасля выступленняў усе ўдзельнікі больш блізка пазнаёміліся між сабой, падзяліліся ўражаннямі. Наогул усе жанчыны нашага гурта засталіся вельмі задаволеныя замежнай паездкай і высокай ацэнкай нашай творчасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *