Шчасце чалавека – у яго душы

Общество

Рэспубліканская духоўна-асветніцкая праграма «Сям’я – Яднанне – Айчына» была прадстаўлена на сустрэчы-прэзентацыі кнігі нашага земляка Рыгора Бабчанка «Асалода».


Праграма «Сям’я – Яднанне – Айчына» атрымала адабрэнне і падтрымку кіраўніка дзяржавы і Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы яшчэ ў 2009 годзе. З тых часоў Праграма прайшла ў дзясятках рэгіёнаў краіны, ахапіла шматлікія сотні тысяч нашых суайчыннікаў, у тым ліку практычна ўсе сацыяльныя, прафе-сійныя і ўзроставыя катэгорыі насельніцтва. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках праграмы, маюць ярка выяўленую сямейную, патрыятычную накіраванасць, так як яна прапагандуе ўмацаванне сямейных асноў, здаровага ладу жыцця, заснаваных на хрысціянскіх традыцыях.


Старшыня Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я – Яднанне – Айчына» Уладзімір Грозаў, выступаючы на сустрэчы, якая праходзіла ў Зашырскім культурна-спартыўным цэнтры 20 лістапада, сказаў: «Мы не заўсёды разумеем, а часам забываем, што шчасце чалавека ў яго душы. А для таго, каб яна была спакойнай, наладжанай на каханне, на стварэнне, мы павінны спадзявацца на ласку Божую, якая бязмежная». Трэба адзначыць, што дзякуючы намаганням Уладзіміра Грозава і выйшла ў свет кніга нашага земляка «Асалода».


Пра важнасць захавання сямейных каштоўнасцей гаварылі ў гэты вечар настаяцель храма Нерукатворнага Вобраза Гасподняга іерэй Пётр, доктар сельскагаспадарчых навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут земляробства і селекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Міхаіл Кадыраў-Бароўскі.


Цікава, пранікнёна і ярка прайшла музычна-паэтычная прэзентацыя кнігі Рыгора Бабчанка «Асалода», якая суправаджалася выступленнем мужчынскага ансамблю «Благавест» і камернага драматычнага тэатра. Беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч, ацэньваючы дзейнасць і творчасць Рыгора Уладзіміравіча, сказаў: «Вельмі люблю палешукоў. Вы – соль зямлі. І калі паміж вас ёсць такія людзі, як Рыгор Бабчанок, будзе добрай ваша будучыня і будучыня нашай дзяржавы». Ён быў прыемна ўражаны Ельскім раёнам, зашырскай зямлёй і шчырасцю, гасціннасцю і ветлівасцю гаспадара з душой паэта. Алесь Марціновіч павіншаваў Рыгора Бабчанка з выхадам першага паэтычнага зборніка і выказаў надзею, што ў хуткім часе з’явяцца яго новыя вершы і паэтычныя зборнікі.


Шчырыя віншаванні гучалі ў гэты вечар у адрас аўтара паэтычнага зборніка «Асалода» Рыгора Бабчанка ад землякоў, сяброў і гасцей мерапрыемства.


Кульмінацыяй прэзентацыі стала ўзнагароджанне нашага земляка Рыгора Бабчанка медалём «За заслугі». Гэты медаль,  заснаваны міжнародным дабрачынным фондам «Сям’я – Яднанне – Айчына», грамадскім саветам па пытаннях маральнасці ў Беларусі, рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Бацькі і настаўнікі – за адраджэнне праваслаўнай асветы», уручаецца ганаровым прадстаўнікам грамадства за высокае служэнне справе духоўнага адраджэння Айчыны.  Мы вельмі ганарымся тым, што наш зямляк удастоены такой высокай узнагароды.


P.S. Кожны ўдзельнік вечара-прэзентацыі меў магчымасць атрымаць паэтычны зборнік «Асалода» з аўтографам Рыгора Бабчанка.


У будынку Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра размясцілася экспазіцыя выдавецтва Беларускага Экзархата «Радасць слова», дзе можна было набыць літаратуру, аўдыё- і відэапрадукцыю, царкоўныя рэчы.


Таццяна ПЕТРУХНО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *