«Сямнаццаць дзевак, адзін – я!»

Сельское хозяйство

Адкрыты конкурс «Лепшы па прафесіі» сярод маладых аператараў машыннага даення Гомельскай вобласці прайшоў 19–20 кастрычніка на базе КСУП «Абарона краіны» (Рэчыцкі раён). Удзельнікамі конкурсу сталі 18 аператараў ва ўзросце да 31 года. Конкурс прафесійнага майстэрства сярод моладзі праводзіўся чацвёрты раз.


Цікава тое, што з усіх удзельнікаў конкурсу сямнаццаць  былі прадстаўніцамі жаночай паловы чалавецтва і толькі адзін, васемнаццаты канкурсант –  мужчына, больш таго – прадстаўнік Ельскага раёна. Гэта малады аператар машыннага даення кароў з КСУП «Скараднянскі» Аляксандр Гаўрыкаў.
Для маладога мужчыны конкурс стаў    своеасаблівым выпрабаваннем на трываласць ведаў і практычных навыкаў.


– Першы раз я ўдзельнічаў у падобным спаборніцтве, – расказаў пры сустрэчы Аляксандр. – Сказаць, што вельмі хваляваўся, – не скажу, адчуваў сябе больш-менш упэўнена, выконваў сваю звычайную работу. Спачатку нам патрэбна было адказаць на пытанні ў выцягнутым білеце, правільна разабраць і сабраць даільны апарат.  На практычнай частцы патрабавалася  выдаіць адну карову. З пытаннямі, я лічу, справіўся добра і на практыцы не падвёў свой раён. Магчыма, у нечым уступіў саперніцам, таму так і атрымалася, што перамаглі дзяўчаты з Рагачоўскага, Рэчыцкага і Калінкавіцкага раёнаў (І, ІІ і ІІІ месцы адпаведна).


Усім канкурсантам былі ўручаны граматы, а пераможцам яшчэ і падарункі. Дарэчы, на конкурсе «Лепшы па прафесіі» сярод маладых аператараў машыннага даення Аляксандр Гаўрыкаў атрымаў спецыяльны прыз і дыплом як адзіны мужчына сярод жанчын-даярак –  удзельнікаў конкурсу. Магчыма, у наступным годзе дзяўчаты-аператары ўступяць найвышэйшую ступень п’едэсталу моцнай палавіне чалавецтва.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *