Трэць стагоддзя – у сельскай гаспадарцы

Общество

Больш за 35 гадоў адпрацавала ў саўгасе Кацярына Кашэль з вёскі Валаўск. Па-рознаму называлася гаспадарка – саўгас «Валаўскі», КСУП «Скараднянскі», але аднолькавай заставалася праца жывёлаводаў. І Кацярына Мікалаеўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на доглядзе жывёлы – на вырошчванні цялят.


Жанчына трапіла ў Валаўск з вёскі Мілашавічы Лельчыцкага раёна.


– Прыязджаючы сюды да цёткі, – расказала Кацярына Мікалаеўна, – пазнаёмі-лася з мясцовым хлопцам Рыгорам, пайшла за яго замуж і пераехала сюды. З 1976 года пайшла працаваць у саўгасную паляводчую брыгаду. Пазней стала даглядаць цялят на малочнатаварнай ферме – і так аж да пенсіі.


Колькі цялятак прайшло праз рукі Кацярыны Кашэль, цяпер ужо цяжка падлічыць. Былі групы па 45–50 цялят, былі і большыя. Зараз крыху лягчэй працаваць на ферме, прызнаецца жанчына. Не трэба сянаж у посцілках за плячыма цягаць, каб жывёле раздаць, – трактар усё гэта робіць. Але ўсё роўна даглядчыкам работы хапае: выграбці, вычысціць, муку раздаць і інш.


Муж Кацярыны Мікалаеўны Рыгор Дзмітрыевіч (яго не стала чатыры гады назад) таксама амаль сорак гадоў адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы – быў трактарыстам, у жніўную пару – камбайнерам, некалькі гадоў токарам. Не цураўся ніякай працы, шчыраваў аддана і заўзята. Толькі хвароба раней часу пераадолела яго…


Працавітымі выраслі і дзеці ў сям’і Кашэль. Два сыны і дачка з сем’ямі жывуць і працуюць у Валаўску. Старэйшы сын Мікалай – трактарыст КСУП «Скараднянскі» – адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі.


Дачка Люда разам з маці даглядала цялят на адной ферме. Як расказала Марына Савіцкая, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Скараднянскі», Людмілу можна назваць арганізатарам культурна-масавай работы на ферме. Яна добра малюе, рыхтуе да святаў сцэнарыі з вершамі.


Малодшы сын Раман зараз працуе ў Валаўскім лясніцтве, але кожнае жніво ўжо каторы год на камбайне дапамагае гаспадарцы ва ўборцы збожжа.


Кацярына Мікалаеўна пасля выхаду на пенсію не працуе больш у гаспадарцы, вырашыла адпачыць, дамашняй гаспадаркай заняцца. Нядаўна кіраўніцтва КСУП «Скараднянскі» ўручыла жанчыне каштоўны падарунак як знак павагі і пашаны за шматгадовую нялёгкую працу ў гаспадарцы.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *